Дата рождения:
15.02.1941 Беражна, в., Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерти:
03.04.2009
Краткая справка:
спецыяліст у галіне сельскагаспадарчай вытворчасці, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі, кавалер ордэна Леніна (1987), ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971, 1981), Герой Беларусі (2001)
Имена на других языках:
Кремко Виталий Ильич (русский);
2845 символов
Справка
Адным з вядучых спецыялістаў у галіне сельскагаспадарчай вытворчасці быў Віталь Ільіч Крэмко. Нарадзіўся ён у в. Беражна Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці. У 1958 г. скончыў сярэднюю школу. Два гады працаваў рабочым на Карэліцкім вапнавым заводзе. Пасля службы ў войску паступіў у Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Працоўную дзейнасць В. І. Крэмко пачаў у 1967 г. аграномам калгаса «Камсамолец». З 1969 па 1984 г. з'яўляўся загадчыкам вытворчага ўчастка, намеснікам старшыні калгаса «Прагрэс» Гродзенскага раёна. У 1978 г. скончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут.
Найбольш яркай старонкай біяграфіі В. І. Крэмко стала паспяховая дзейнасць на пасадзе старшыні калгаса (1984–2009) «Кастрычнік» Гродзенскага раёна (з 2003 г. сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Кастрычнік-Гродна», з 2010 г. носіць яго імя). Таленавіты арганізатар, мэтанакіраваны кіраўнік стварыў вытворчую і сацыяльную базу, высокаэфектыўнае, канкурэнтаздольнае сельскагаспадарчае прадпрыемства. Дзякуючы яго адказнаму гаспадарскаму падыходу да справы, пошуку перадавых тэхналогій вытворчасці, здольнасці пралічваць на перспектыву комплекс набыў статус аднаго з лепшых у Рэспубліцы Беларусь, стаў гонарам беларускага аграпрамысловага комплексу, вядомым як у нашай рэспубліцы, так і за яе межамі.
За гады працы на пасадзе старшыні В. І. Крэмко распрацаваў і ажыццявіў вялікую частку праграмы будаўніцтва прадпрыемства па перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі ў высакаякасныя харчовыя тавары. Былі пабудаваныя за сродкі гаспадаркі сумеснае з аўстрыйскай фірмай прадпрыемства па вытворчасці цукерак, каўбасны цэх, пякарня, малочны цэх. У Гродне адкрыты сучасны цэнтр фірменнага гандлю. Таксама была праведзена рэканструкцыя двух крам у Гродне і цаглянага завода, які належыць гаспадарцы. Высокія дасягненні прадпрыемства неаднаразова адзначаліся на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі «Дажынкі». Дзякуючы намаганням старшыні ў гаспадарцы пабудаваны адзін з лепшых на Гродзеншчыне дзіцячы сад з басейнам. За сродкі кааператыва ўзвялі паліклініку. Усё абсталяванне ў ёй таксама набыта за сродкі сельгаспрадпрыемства. Тут прапануюцца цэлы комплекс розных фізіяпрацэдур, можна зрабіць ультрагукавое даследаванне, атрымаць стаматалагічную дапамогу і кансультацыі іншых спецыялістаў.
Дзейнасць В. І. Крэмко атрымала высокую ацэнку на дзяржаўным узроўні. Ён узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971, 1981), ордэнам Леніна (1987), медалём «За доблесную працу» (1970). У 1996 г. было прысвоена званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі». У 2001 г. за самаадданую працу і выдатныя заслугі ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці В. І. Крэмко атрымаў званне Героя Беларусі. У 2010 г. у цэнтры в. Квасоўка Гродзенскага раёна яму ўсталяваны помнік.