Вытворчае аб’яднанне “Мінскжалезабетон” было створана ў 1975 г. шляхам зліцця двух заводаў зборнага жалезабетону. Мэтай аб’яднання стала павышэнне эфектыўнасці і канцэнтрацыі прамысловай вытворчасці. Новае прадпрыемства спецыялізавалася на выпуску канструкцый з жалезабетону і бетону, сценавых матэрыялаў, таварных сумясей, металаканструкцый і арматуры для будаўніцтва аб’ектаў жыллёвага і сацыянальнага прызначэння ў Мінску. Вытворчасць складалася з некалькіх цэхаў, раствора- і бетоназмяшальных вузлоў. У 1998 г. прадпрыемства рэарганізавана ў адкрытае акцыянернае таварыства.
У цяперашні час ААТ “Мінскжалезабетон” з’яўляецца буйным вытворцам будаўнічых тавараў шырокай наменклатуры (каля 6 тыс. найменняў). У яго структуры працуюць галаўное прадпрыемства, завод пустотных вырабаў, завод будаўнічых канструкцый, сельскагаспадарчы вытворчы філіял “Аграбуд” (Чэрвеньскі раён Мінскай вобласці). Сярод навінак прадукцыі: тратуарная плітка розных форм і колераў, бардзюр тратуарны і дарожны, малыя архітэктурныя формы, элементы сцен і аддзелкі фасадаў, керамзітабетонныя блокі і інш. Прадпрыемства з’яўляецца пераможцам конкурсу “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь”, лаўрэатам Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці (2005).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.