Мікалай Рыгоравіч Старчанка нарадзіўся на Гомельшчыне. У 1934 г. сям'я пераехала ў Рэчыцу, дзе хлопчык скончыў першы клас. У гады Вялікай Айчыннай вайны сям’я была эвакуіравана ў Башкірыю, у красавіку 1944 г. вярнулася ў родныя мясціны. Мікалай прадоўжыў вучобу ў школе і пачаў займацца лёгкай атлетыкай. Рэкорд Беларусі ў бегу на 200 м з бар’ерамі Мікалай Старчанка ўстанавіў яшчэ ў школьныя гады. Неаднаразова атлет станавіўся чэмпіёнам і рэкардсменам СССР. Яму лёгка пакараліся бегавыя дарожкі Масквы, Ленінграда, Харкава, Львова, Адэсы, Сочы і іншых гарадоў Савецкага Саюза.
Пасля школы юнак паступіў у Гомельскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя В.П. Чкалава (цяпер Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны) на факультэт фізічнага выхавання. Педагагічную дзейнасць пачаў у СШ № 16 г. Гомеля. Дзякуючы ініцыятыве, прафесіяналізму і адказнасці маладога педагога школа стала вядучай у горадзе па спартыўна-масавай рабоце, увайшла ў спіс лепшых пяцідзесяці школ СССР. Мікалай Старчанка настаўнічаў і кіраваў метадычнымі аб'яднаннямі. Дзякуючы яго плённай працы школы Гомеля займалі лідзіруючыя пазіцыі ў раёне і горадзе па асноўных паказчыках фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы. Вучні гэтых школ неаднаразова станавіліся чэмпіёнамі і прызёрамі раённай і гарадской спартакіяд.
Мікалай Старчанка мае вялікі вопыт вучэбнай і арганізацыйнай работы па фізічным выхаванні школьнікаў. Неаднаразова ім праводзіліся пазакласныя мерапрыемствы, фізкультурныя святы, спартыўныя вечары, спаборніцтвы па розных відах спорту. Адным з першых у Гомельскай вобласці М.Р. Старчанка стаў укараняць і ўжываць на ўроках новыя метады навучання. Больш за 25 гадоў ён кіраваў метадычным аб'яднаннем настаўнікаў фізічнай культуры Чыгуначнага раёна г. Гомеля, уваходзіў у склад гарадской і раённай калегій аддзела па фізічнай культуры, спорце і турызме, з’яўляўся пазаштатным загадчыкам аддзела па фізкультуры і спорце пры выканкаме Чыгуначнага раёна г. Гомеля. М.Р. Старчанка першым на Беларусі арганізаваў і правёў спартакіяду камсамольскіх, партыйных работнікаў і дзяржслужачых Чыгуначнага раёна. Вопыт працы Мікалая Рыгоравіча неаднаразова вывучаўся на семінарах, асвятляўся на старонках усесаюзных, рэспубліканскіх і абласных СМІ. У суаўтарстве з выкладчыкамі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. Ф. Скарыны ім былі падрыхтаваны да друку метадычныя рэкамендацыі для настаўнікаў па фізічнай культуры.
Педагагічнай дзейнасці М.Р. Старчанка прысвяціў 54 гады свайго жыцця. Ён даў пуцёўку ў вялікі спорт шматлікім спартсменам, сярод якіх чэмпіён свету па веславанні на байдарках і каноэ, удзельнік Алімпійскіх гульняў Ігар Бартніцкі; чэмпіён свету па грэка-рымскай барацьбе Леанід Ліберман; сямікратны чэмпіён СССР па веславанні на байдарках і каноэ Уладзімір Сава; неаднаразовы рэкардсмен свету па парашутным спорце Ігар Грабоўскі. Заслужанымі трэнерамі Рэспублікі Беларусь сталі 5 яго вучняў, 135 вучняў атрымалі вышэйшую фізкультурную адукацыю і працуюць настаўнікамі фізічнай культуры. За добрасумленную працу і высокія дасягненні ў фізічнай культуры і спорце М.Р. Старчанка атрымаў званне заслужанага трэнера Рэспублікі Беларусь (1992), узнагароджаны ганаровымі знакамі “Выдатнік народнай асветы БССР” (1971), “Выдатнік фізічнай культуры і спорту СССР” (1974), “Настаўнік-метадыст БССР” (1984), вялікай колькасцю ганаровых грамат і дыпломаў.
Мікалай Рыгоравіч шмат сіл і намаганняў аддае працы ў ветэранскай грамадскай арганізацыі «Ветэраны фізічнай культуры і спорту» г. Гомеля. З 2008 г. з'яўляецца сакратаром першай на Беларусі партыйнай арганізацыі «Спартыўная» Камуністычнай партыі Беларусі.
Жыццё М.Р. Старчанкі – выдатны прыклад адданасці працы, патрабавальнасці да сябе, шчырай зацікаўленасці спортам. Поспехі настаўніка адлюстроўваюцца ў яго вучнях, якія годна нясуць эстафету любві да фізічнай культуры і спорту.
Матэрыял падрыхтаваны паводле інфармацыі, прадастаўленай Гомельскім аддзяленнем ГА “ВФКіС” у 2012 г.