Барыс Макаравіч Зайцаў нарадзіўся на Гомельшчыне. У 1959 г. скончыў факультэт фізічнага выхавання Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя В.П. Чкалава (цяпер – Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны). У студэнцкія гады займаў актыўную жыццёвую пазіцыю, што вылучала яго сярод равеснікаў: на другім курсе ўніверсітэта ён быў накіраваны на асваенне цалінных казахстанскіх зямель. За дапамогу ў зборы ўраджаю быў узнагароджаны знакам ЦК ВЛКСМ «За асваенне новых зямель». Пасля атрымання дыплома Б.М. Зайцаў застаўся працаваць у родным універсітэце выкладчыкам кафедры тэорыі і методыкі фізічнай культуры, у 1973 г. атрымаў пасаду дэкана факультэта фізічнай культуры, у 1974 г. паспяхова абараніў дысертацыю на суісканне ступені кандыдата псіхалагічных навук, у 1975 г. стаў дацэнтам. Барыс Макаравіч прысвяціў сваё жыццё педагагічнай, навуковай і арганізацыйнай дзейнасці ўніверсітэта, дзе дасягнуў значных поспехаў, выдаў звыш шасцідзесяці навуковых і метадычных работ. Дзякуючы Б.М. Зайцаву факультэт фізічнай культуры дасягнуў сапраўднага росквіту, калі стабільнасць і надзейнасць працы падраздзялення гарантаваліся высокім прафесіяналізмам, адказнасцю выкладчыкаў і падмацоўваліся спрыяльным маральна-псіхалагічным кліматам. Барыс Макаравіч падтрымліваў усе інавацыі і ініцыятывы выкладчыкаў, накіраваныя на развіцё навуковай і педагагічнай дзейнасці, павышэнне эфектыўнасці падрыхтоўкі спартсменаў высокай кваліфікацыі. Дэкан заўсёды давяраў адказныя даручэнні маладым выкладчыкам, што, безумоўна, спрыяла іх прафесійнаму росту. Пад кіраўніцтвам Б.М. Зайцава ўпершыню ў краіне быў распрацаваны новы вучэбны план падрыхтоўкі спецыялістаў па фізічнай культуры з пяцігадовым тэрмінам навучання, які быў адобраны Міністэрствам адукацыі БССР. Доўгія гады Барыс Макаравіч уваходзіў у вучэбна-метадычнае аб'яднанне ВНУ СССР, наладзіў плённае супрацоўніцтва з Акадэміяй фізічнага выхавання і спорту Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным інстытутам адукацыі, Гомельскім абласным упраўленнем адукацыі і шэрагам іншых устаноў і арганізацый рэспубліканскага і абласнога ўзроўню, адказнымі за развіццё фізічнай культуры і спорту.
Асаблівую ўвагу Б.М. Зайцаў надаваў развіццю спорту вышэйшых дасягненняў. Пад яго кіраўніцтвам склалася і плённа працавала група заслужаных трэнераў Рэспублікі Беларусь: В.А. Каляда, В.В. Лісоўскі, В.П. Крукоўскі, Б.А. Царыкаў. Гонар факультэта фізічнай культуры на міжнароднай арэне адстойвалі: чэмпіёнка і прызёр ХХV Алімпійскіх гульняў Алена Рудкоўская, прызёры Алімпійскіх гульняў Сяргей Смаль (ХХV Алімпійскія гульні, лёгкаатлетычнае шматбор'е), Яўген Гаўрыленка (ХХІ Алімпійскія гульні, 400 метраў з бар'ерамі), Мікалай Кіраў (ХХІІ Алімпійскія гульні, бег на 800 м), Вугар Аруджаў (ХХV Алімпійскія гульні, вольная барацьба), Наталля Стасюк (ХХVІ Алімпійскія гульні, акадэмічнае веславанне).
Рознабаковая і паспяховая прафесійная дзейнасць Б.М. Зайцава была высока адзначана кіраўніцтвам краіны і вобласці: «Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь», уладальнік ганаровых знакаў «Выдатнік фізічнай культуры», «Выдатнік народнай адукацыі БССР», «За развіццё фізічнай культуры і спорту ў Рэспубліцы Беларусь». За шматгадовую дзейнасць, накіраваную на развіццё алімпійскага руху ў краіне, Б.М. Зайцаў узнагароджаны шматлікімі ганаровымі граматамі, медалём Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі «За выдатныя заслугі».
Сёння Б.М. Зайцаў працуе выкладчыкам асноў псіхолага-педагагічных дысцыплін кафедры тэорыі і методыкі фізічнай культуры.
Матэрыял падрыхтаваны паводле інфармацыі, прадастаўленай Гомельскім аддзяленнем ГА “ВФКіС” у 2012 г.