Мікалай Пятровіч Талстапятаў нарадзіўся у г. Растоў-на-Доне (Расія). Спортам пачаў займацца з 1944 г., у 1952 г. стаў бронзавым прызёрам спартакіяды Узброеных Сіл па лёгкай атлетыцы ў бегу на 3000 м з перашкодамі, праз год яму прысвоілі званне «Майстар спорту СССР».
Спартыўнай і навуковай дзейнасці М.П. Талстапятаў прысвяціў звыш пяцідзесяці гадоў. З 1951 па 1958 г. ён з’яўляўся пераможцам і прызёрам чэмпіянатаў РСФСР і Цэнтральнага савета ўсесаюзнага фізічна-спартыўнага таварыства «Спартак». На ІІ Спартакіядзе народаў СССР (1959) выступаў за зборную каманду БССР у забегу на 3000 м з перашкодамі. Па запрашэнні Фэдэрацыі лёгкай атлетыкі БССР у 1958 г. паступіў на вучобу ў Рэспубліканскую школу трэнераў, пасля заканчэння якой у якасці трэнера-выкладчыка быў накіраваны ў Гомельскі абласны савет таварыства «Спартак». Мікалай Талстапятаў падрыхтаваў шэраг чэмпіёнаў і прызёраў СССР і БССР. У ліку яго выхаванцаў – пераможца Першынстваў СССР і БССР сярод юнакоў у бегу на 110 м з бар'ерамі, рэкардсмен СССР, чэмпіён Еўропы і СССР (1966–1967) сярод юніёраў Юрый Горскі.
У 1969 г. М.П. Талстапятаў перайшоў на працу ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт (цяпер Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны) на пасаду загадчыка кафедры лёгкай атлетыкі. Вынікам яго навуковай дзейнасці сталі дваццаць пяць навукова-метадычных работ, у тым ліку два метадычныя дапаможнікі па падрыхтоўцы юных лёгкаатлетаў-бар'ерыстаў. З 1975 па 1984 г. працаваў старшым трэнерам аддзялення лёгкай атлетыкі школы вышэйшага спартыўнага майстэрства, дзе падрыхтаваў шэраг майстроў спорту і майстроў спорту міжнароднага класа, чэмпіёнаў і прызёраў чэмпіянатаў СССР і БССР. Пяцёра выхаванцаў Мікалая Пятровіча маюць званне «Заслужаны трэнер БССР». Апошняе месца працы М.П. Талстапятага – Гомельскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву.
М.П. Талстапятага неаднаразова запрашалі ў якасці трэнера зборных каманд СССР і Беларусі па лёгкай атлетыцы. За ўдзел у кіраўніцтве дыспетчарскай брыгадай суддзяў лёгкаатлетычных спаборніцтваў ХХІІ Алімпійскіх гульняў у 1980 г. узнагароджаны дыпломам аргкамітэта Алімпійскіх гульняў. За поспехі ў развіцці фізічнай культуры і спорту М.П. Талстапятаў атрымаў ганаровае званне «Заслужаны трэнер БССР» (1965), узнагароджаны ганаровым знакам “Выдатнік фізічнай культуры і спорту” (1979), ганаровымі граматамі. За шматгадовую і плённую дзейнасць па развіцці і прапагандзе фізічнай культуры і спорту ў Гомельскай вобласці і значны асабісты ўклад у эфектыўную падрыхтоўку спартсменаў высокага класа і спартыўнага рэзерву ў 2010 г. узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь.
Матэрыял падрыхтаваны паводле інфармацыі, прадастаўленай Гомельскім аддзяленнем ГА “ВФКіС” у 2012 г.