Даследчыца лiтаратуры, кандыдат фiлалагiчных навук Алена Аляксандраўна Iгнацюк нарадзiлася 23 лютага 1962 г. у в. Осаўцы на Брэстчыне. Скончыла фiлалагiчны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага педагагiчнага iнстытута iмя А.С. Пушкiна (1983). Працавала настаўнiцай у Белiнскай сярэдняй школе Драгiчынскага раёна, выкладчыкам у Брэсцкiм дзяржаўным унiверсiтэце, навуковым супрацоўнiкам Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра iмя Ф. Скарыны ў Мiнску. У цяперашні час выкладае культуралогiю i эстэтыку ў Палескiм дзяржаўным унiверсiтэце (г. Пiнск, Брэсцкая вобласць).
Тэма яе навуковай працы – “Колер, прастора i час у сучаснай беларускай паэзii (на прыкладзе творчасцi А. Разанава, Я. Сiпакова, Л. Дранько-Майсюка, Я. Янiшчыц, У. Арлова)”. На фактычным матэрыяле паэзii беларускiх аўтараў даследчыца паглыблена асэнсавала прыроду сiнтэтычнай (паэтычна-жывапiснай) вобразнасцi. Яна ўпершыню інтэрпрэтавала мастацтва слова ў форме выяўленча-жывапiсных малюнкаў, якiя адпавядаюць слоўным карцiнам і сведчаць аб унiверсальнасцi мастацкай сiстэмы. А.А. Ігнацюк устанавіла, што паэтычна-жывапiсны малюнак здольны набываць шматграннасць зместу, сiмвалiчнасць iншасказальнага гучання, несцi ў сабе глыбокi iдэйна-сэнсавы змест.
Акрамя даследчыцкай дзейнасці Алена Аляксандраўна піша вершы. Пачынала на рускай мове, але зараз яе вершаванай мовай стала толькi беларуская. Свае першыя, па меркаванні самой паэтэсы, сур’ёзныя творы – цыкл вершаў “Прайсці праз дождж разам з Вамі…” – надрукавала ў брэсцкай абласной газеце “Народная трыбуна” ў 1993 г. Творы друкавалiся таксама ў часопiсах “Крынiца”, “Бярозка”, “Нёман”, “Маладосць”, “Беларусь”, “Дзеяслоў”, “Полымя”, у тыднёвiку “Літаратура і мастацтва” i iнш. У 2002 г. паэтэса стала членам Саюза беларускiх пiсьменнiкаў. А.А. Ігнацюк з’яўляецца аўтарам кнiг паэзii “Нота Ля” (2000), “Летаргiя” (2006), шэрагу лiтаратуразнаўчых артыкулаў у часопiсах “Роднае слова” і “Мастацтва”. Асноўнымі рысамі яе творчасці можна назваць метафарычнасць у адлюстраваннi суiснавання чалавека з прыродай, багаты свет фантазii, мастацкае адчуванне прасторы i часу, грунтоўную эстэтычную насычанасць, фiласофскае заглыбленне ў жыццёвыя калiзii.
Матэрыял падрыхтаваны Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага ў 2012 г.