Дата начала:
1517–1519 Навагрудак, г., Гродзенская вобласць
Краткая справка:
помнік архітэктуры ХІІ–пачатку XVІI стст., унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
Варианты названия:
Сабор Святых благаверных князёў Барыса і Глеба; Сабор у імя святых пакутнікаў Барыса і Глеба
Названия на других языках:
St.s Boris and Gleb Church (английский); Борисоглебская церковь (русский); Новогрудская Борисоглебская церковь (русский); Новогрудская Свято-Борисо-Глебская церковь (русский); Новогрудский Борисоглебский собор (русский); Собор Святых мучеников Бориса и Глеба (русский);
Предыдущие названия:
Новагародская Барысаглебская царква; Царква Прасвятой Багародзіцы
3123 символа
Справка
Адной з самых ранніх культавых пабудоў Навагрудчыны з’яўляецца Сабор у гонар святых благаверных князёў Барыса і Глеба.
Згодна з археалагічнымі даследаваннямі, першая царква на гэтым месцы існавала яшчэ ў ХІІ ст. Старажытны крыжова-купальны храм з вапняковых блокаў з нязначнымі ўстаўкамі плінфы быў накрыты свінцовымі лістамі, яго інтэр’ер упрыгожвалі фрэскі і маёлікавая падлога з разнастайных паліваных керамічных плітак. З мэтай стварэння акустычнай прасторы ў сцены ўмураваны керамічныя галаснікі. Пазней вакол царквы дабудавана галерэя з плінфы ў тэхніцы муроўкі «са схаваным радам». Існуе меркаванне, што храм быў асвечаны ў гонар Прасвятой Багародзіцы. У 1317 г. ён атрымаў статус кафедры Літоўскай праваслаўнай мітраполіі. Пры ім існаваў праваслаўны мужчынскі манастыр, у якім знаходзілася рэзідэнцыя мітрапаліта Навагрудска-Літоўскага. Манастыр меў багатыя маёнткі, дамы і зямельныя надзелы. Па некаторых звестках менавіта тут у 1414–1415 гг. праводзіліся саборы епіскапаў. У канцы XV – пачатку XVІ ст. Навагрудская царква прыйшла ў заняпад. На яе падмурках у 1517–1519 гг. пры падтрымцы віленскага кашталяна, гетмана Вялікага Княства Літоўскага Канстанціна Астрожскага і мітрапаліта Кіеўскага, Галіцкага і ўсяе Русі Іосіфа ІІ (Солтана) была ўзведзена новая саборная царква.
Храм, асвечаны ў гонар святых благаверных князёў Барыса і Глеба, уяўляў сабой трохнефавую чатырохслупавую зальную пабудову. Асноўны яе аб’ём у тэхніцы гатычнай муроўкі ў заходняй частцы завяршала пяцігранная апсіда, сцены былі ўмацаваны гранёнымі контрфорсамі. Унутраную прастору перакрывалі зорчатыя скляпенні, асноўная і алтарная часткі злучаліся аркамі спічастай формы. З 1628 г. пры царкве дзейнічаў мужчынскі манастыр базыльян. У далейшым будынак быў значна перароблены: узведзены новы фасад у стылі сармацкага барока з двума абарончымі вежамі, байніцамі і вітымі лесвіцамі ўнутры, дах накрыты паліванай зялёнай і светла-карычневай дахоўкай (1624–1632), зроблены мураваны іканастас (XVIII ст.). Пасля скасавання Брэсцкай царкоўнай уніі ў 1839 г. храм перадалі Рускай праваслаўнай царкве. У 1873–1875 гг. Навагрудская Барысаглебская царква перабудавана ў псеўдарускім стылі: у сярэдзіне пакатага чатырохсхільнага даха ўзвялі драўляны светлавы барабан, які разам з вежамі на галоўным фасадзе атрымаў шатровыя завяршэнні Адначасова быў створаны драўляны чатырох’ярусны іканастас з 30 іконамі. Перабудаваны храм асвечаны ў 1876 г. У 1923–1924 гг. праведзена чарговая рэканструкцыя царквы з частковым аднаўленнем аўтэнтычнага выгляду.
У пасляваенны савецкі перыяд храм заставаўся дзеючым да 1961 г. Затым быў закрыты, а будынак выкарыстоўваўся як архівасховішча. У 1996 г. святыня вернута Беларускаму экзархату Рускай праваслаўнай царквы. У 2011 г. праводзілася рэстаўрацыя будынка (архітэктар Г. Лаўрэцкі): пастаўлены паўкруглыя вонкавыя дэкаратыўныя элементы – какошнікі і шатры, завершаныя пазалочанымі купаламі.
У цяперашні час Сабор у гонар святых благаверных князёў Барыса і Глеба дзейнічае. Ён унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і ахоўваецца дзяржавай.