Барыс Мікалаевіч Балуеў нарадзіўся ў Баку (Азербайджан). У 1931 г. у сувязі з пагрозай захворвання на малярыю сям’я Балуевых была вымушана пераехаць да сваякоў у Гомель. Ваеннае дзяцінства закаліла характар і волю юнака. У 1944 г. пасля заканчэння сямігодкі Барыс Балуеў атрымаў накіраванне ў школу фабрычна-заводскага навучання пры Гомельскім вагонарамонтным заводзе, потым быў размеркаваны ў Кенігсберг ва Усходнюю Прусію (цяпер г. Калінінград, Расія) для аднаўлення аднаго з заводаў. У канцы 1945 г. Барыс Балуеў вярнуўся ў Гомель, пачаў актыўна займацца спортам, надаючы асаблівую ўвагу гімнастыцы і боксу. У 1946 г. пачаў займацца боксам на прафесійным ўзроўні пад кіраўніцтвам А.Ф. Салодкага, першага пасляваеннага трэнера па боксе ў Гомелі. Удзельнічаў у рознамаштабных спаборніцтвах, атрымліваў спартыўныя разрады.
Скончыўшы тэхнікум фізкультуры (1948), Барыс Балуеў працаваў настаўнікам фізкультуры ў Чыгуначным вучылішчы № 1 і адначасова з’яўляўся трэнерам па боксе абласнога савета Усесаюзнага добраахвотнага спартыўнага таварыства (УДСТ) «Працоўныя рэзервы». У 1951 г. загадам абласнога ўпраўлення прафтэхадукацыі быў прызначаны на пасаду кіраўніка фізвыхавання Чыгуначнага вучылішча № 1 (цяпер – Гомельскі дзяржаўны прафесійны ліцэй чыгуначнага транспарту). За гады працы Барыс Мікалаевіч выхаваў і падрыхтаваў шмат вядомых на Гомельшчыне, у рэспубліцы і СССР спартсменаў. Адным з лепшых яго выхаванцаў стаў В. Белянкоў – майстар спорту, неаднаразовы пераможца першынстваў Беларусі па боксе, член зборнай СССР, пераможца ЦС УДСТ «Працоўныя рэзервы».
Барыс Мікалаевіч заўсёды імкнуўся зрабіць сваё педагагічнае, працоўнае і грамадскае жыццё больш цікавым і разнастайным. У 1954 г. ім быў арганізаваны першы ў рэспубліцы водны паход на марскіх ялах з Гомеля ў Кіеў па рэках Сож і Днепр. Удзельнікі пахода сустрэліся з кіраўніком Украінскага рэспубліканскага ваенна-марскога клуба. Так быў пакладзены пачатак штогадовым водным турыстычным паходам.
У пачатку 1960-х гг. Б.М. Балуеў арганізаваў і правёў з выхаванцамі вучылішча 30-кіламетровы паход па мясцінах баявой славы Гомельшчыны, падчас якога былі арганізаваны спартыўныя спаборніцтвы, патрыятычныя гульні, сустрэчы з ветэранамі. З імем Б.М. Балуева звязаны арганізацыя і правядзенне першага абласнога злёту навучэнцаў прафтэхадукацыі, падрыхтоўка каманды Гомельскай вобласці для ўдзелу ў рэспубліканскім злёце. Адным з накірункаў грамадскай дзейнасці Б.М. Балуева з'явілася распрацоўка сцэнарыяў і падрыхтоўка масавых тэатралізаваных гімнастычных прадстаўленняў сцяганосцаў на святах знамянальных дат горада і вобласці.
Барыс Мікалаевіч пэўны час узначальваў федэрацыю бокса і метадычнае аб’яднанне кіраўнікоў вучылішч прафтэхадукацыі, адначасова вучыўся на факультэце фізічнага выхавання Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. 57 гадоў жыцця Б.М. Балуеў прысвяціў працы ў сістэме адукацыі. Пасля заканчэння педагагічнай дзейнасці да 2005 г. працаваў у абласным цэнтры фізічнай культуры і спорту, потым у гарадскім аддзеле адукацыі на пасадзе метадыста-інспектара. За поспехі ў падрыхтоўцы спартсменаў і выдатную работу неаднаразова быў узнагароджаны шэрагам ганаровых грамат абласнога, рэспубліканскага і усесаюзнага значэння. Б.М. Балуеў узнагароджаны Ганаровым знакам «За развіццё фізічнай культуры і спорту ў Рэспубліцы Беларусь», мае ганаровыя званні: «Заслужаны работнік прафтэхадукацыі БССР», «Выдатнік фізічнай культуры і спорту СССР».
Матэрыял падрыхтаваны паводле інфармацыі, прадастаўленай Гомельскім аддзяленнем ГА “ВФКіС” у 2012 г.