Дата начала:
28.02.1994 Пінскі раён, Брэсцкая вобласць
Краткая справка:
ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння
Названия на других языках:
Prostyr (английский); Простырь (русский);
2003 символа
Справка
Ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння “Прастыр” быў створаны ў Пінскім раёне Брэсцкай вобласці ў 1994 г. Мэтай заснавання стала зберажэнне ў натуральным стане эталоннага ўчастка прыродных балотна-лугавых угоддзяў з рэдкімі відамі жывёл і раслін. Ён мае міжнародны статус ключавой арніталагічнай тэрыторыі і водна-балотнага ўгоддзя міжнароднага значэння.
Ахоўная тэрыторыя плошчай 9,5 тыс. га размешчана ў міжрэччы Прыпяці і Прастыры. Плоская поймавая тэраса насычана старыцамі, пратокамі, эолавымі наносамі і моцна забалочана. У покрыве пераважаюць балотна-лугавыя ўчасткі з травяністай расліннасцю і адзіночнымі дрэвамі вольхі і вербаў. Уздоўж рэк Прастыр і Гнілая Прыпяць маюцца некалькі ўчасткаў чорнаалешнікавых лясоў, якія займаюць каля 5% тэрыторыі заказніка. У флоры налічваецца 307 відаў сасудзістых раслін, з якіх сальвінія плывучая, гарлачык белы, пярэсна еўрапейская, касач сібірскі, шпажнік чарапіцавы, фіялка балотная, шалфей лугавы занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
З-за цяжкай праходнасці тэрыторыі, жывёльны свет вельмі разнастайны. Тут водзяцца норка, тхор, ласка, выдра, ліс, бабёр, андатра. Асаблівае значэнне гэтыя мясціны маюць для лася, паколькі служаць летнім прыстанішчам для самак з маладняком. Сустракаюцца таксама і ахоўныя віды – арэшнікавая соня, рашэцісты і залацістаямачны жужалі, мохавы чмель, чаротавая рапуха, грабеньчаты трытон, балотная чарапаха. У складзе арнітафаўны зарэгістраваны 133 віды птушак, большая частка якіх тут гняздуецца. Трапляюцца рэдкія для Беларусі вялікі бугай, чорны бусел, барадатая няясыць, змеяед, звычайная пустальга, шэры журавель, белая чапля, салаўіны цвыркун. Найбольшае значэнне тэрыторыя мае для відаў, што знаходзяцца пад глабальнай пагрозай знікнення – вялікага арляца, дубальта, вялікага грыцука і вяртлявай чарацянкі.
Заказнік з’яўляецца аб’ектам экалагічнага турызму. Для наведвальнікаў распрацаваны маршруты для вандровак, абсталявана экалагічная сцежка, месцы для адпачынку.