Краткая справка:
спартсмен і трэнер (дзюдо), заслужаны майстр спорту Беларусі, чэмпіён ХХVІІІ летніх Алімпійскіх гульняў (Афіны, 2004), бронзавы прызёр чэмпіянату свету (2003), чэмпіён (2010), сярэбраны (2007) і бронзавы (2002, 2003) прызёр чэмпіянатаў Еўропы, кавалер ордэна "За асабістую мужнасць" (2004)
Имена на других языках:
Makarau Igar (не определен); Макаров Игорь Викторович (русский);
2191 символ
Справка
Ігар Макараў нарадзіўся 20 ліпеня 1979 года ў г. Кімры Цвярской вобласці. У 1987 г. сям'я будучага алімпійскага чэмпіёна пераехала ў Гомель. Разам са старэйшым братам Ігар Макараў пачаў наведваць секцыю дзюдо. Першы поспех прыйшоў да юнага спартсмена ў 7-м класе, калі ён выйграў юнацкае першынства Беларусі.
У зборную краіны 19-гадовага Ігара запрасілі ў 1998 г., калі ён заваяваў сярэбраны медаль маладзёжнага першынства Еўропы. Пазней спартсмен стаў чэмпіёнам свету сярод студэнтаў і бронзавым прызёрам ХХІ летняй Універсіяды ў Пекіне ў 2001 г.
Перадалімпійскі 2003 год для Ігара Макарава склаўся паспяхова: ён стаў бронзавым прызёрам першынства Еўропы і чэмпіянату свету ў вазе да 100 кг. Бронзавыя медалі гэтых турніраў забяспечылі беларускаму спартсмену ліцэнзію на XXVIII летнія Алімпійскія гульні, якія праходзілі ў 2004 г. у Афінах. Перад пачаткам гульняў спецыялісты сцвярджалі, што на перамогу ў вагавой катэгорыі да 100 кг можа разлічваць практычна любы з 32 удзельнікаў спаборніцтваў. Для таго, каб заваяваць «золата», Ігару Макараву прыйшлося выйсці на татамі супраць свайго добрага сябра Асхата Жыткеева з Казахстана, адолець Іверы Джыкураулі з Грузіі і галандца Элка ван дэр Гееста. Асхат Жыткееў падказаў Макараву, як весці фінальны паядынак супраць карэйскага дзюдаіста Яна Сун Хо, з якім беларускі спартсмен да гэтага ні разу не сустракаўся на спаборніцтвах. У выніку за 14 секунд да заканчэння асноўнага часу беларускаму спартсмену ўдалося правесці свой любімы прыём – «бакавы пераварот» – і стаць алімпійскім чэмпіёнам.
Ігар Макараў прымаў удзел у XXX летніх Алімпійскіх гульнях 2012 г. у Лондане. Беларускі спартсмен выступаў у вагавой катэгорыі звыш 100 кг, дайшоў да чвэрцьфіналу, дзе саступіў Кім Сон Міну з Карэі, перамог кубінца Оскара Брайсана, аднак у паядынку за трэцяе месца прайграў Андрэасу Цёльцэру з Германіі. У выніку – пятае месца.
Пасля Гульняў у Лондане алімпійскі чэмпіён абвясціў аб завяршэнні спартыўнай кар'еры. У канцы 2014 г. Ігар Макараў адкрыў у Гомелі сваю школу дзюдо, дзе трэніруе дзяцей.
Даведка падрыхтавана на аснове матэрыялаў сайта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у 2019 г.