Краткая справка:
свяшчэннамучанік Рускай, Беларускай і Сербскай Праваслаўнай Царквы, епіскап Слуцкі, архіепіскап Рыжскі і Латвійскі, першы праваслаўны святы Латвіі
Духовные имена:
Иоанн Рижский; Іаан Рыжскі
Варианты имени:
Помер Яніс
Имена на других языках:
Поммер Иоанн (русский); Поммер Янис (русский);
2420 символов
Справка
Нарадзіўся Іаан (Яніс) Помер у 1876 г. на хутары Ілзессала (цяпер тэрыторыя Латвіі) ў сялянскай сям’і. Вучыўся спачатку ў Рыжскай духоўнай школе, потым у Рыжскай духоўнай семінарыі. Пасля яе заканчэння ў 1897 г. працаваў настаўнікам у Ляўданскай царкоўнапрыходскай школе. У 1900 г. паступіў у Кіеўскую духоўную акадэмію, якую скончыў са ступенню кандыдата багаслоўя. У 1903 г. прыняў манаства і быў рукапаложаны ў сан іерадыякана, у 1904 г. у сан іераманаха. Некаторы час Іаан Помер выкладаў у Чарнігаўскай і Валагодскай духоўных семінарыях. У 1907 г. стаў архімандрытам, у наступным годзе прызначаны рэктарам Віленскай духоўнай семінарыі і настаяцелем Віленскага Свята-Троіцкага манастыра. У семінарыі Іаан Помер праявіў сябе таленавітым адміністратарам і выдатным прапаведнікам. Падчас службы ў Вільні ён арганізоўваў паломніцва, займаўся ўпарадкаваннем храмаў і манастыроў, дапамагаў матэрыяльна бедным выхаванцам семінарыі.
У сакавіку 1912 Іаан Помер быў прызначаны епіскапам Слуцкім, некаторы час з'яўляўся вікарыем Мінскай епархіі, потым служыў у Адэсе і Таганрогу. У 1918 г. быў накіраваны ў Пензу і ўзведзены ў сан архіепіскапа. У канцы 1919 г. арыштаваны ЧК, у сакавіку 1920 г. вызвалены. У чэрвені 1921 г. прызначаны архіепіскапам Рыжскім і Латвійскім. Ён удзельнічаў у працы латвійскага сейму (1925), аднавіў работу Рыжскай духоўнай семінарыі (1926). З-за сваёй дзейнасці ўвесь час цярпеў ганенні. Іаана Помера называлі ворагам незалежнай Латвіі, пагражалі расправай. Неўзабаве пагрозы былі здзейснены: у 1934 г. архіепіскап быў закатаваны на архіерэйскай дачы невядомымі злачынцамі. Тысячы людзей прыйшлі развітацца са сваім архіпастырам. Ён быў пахаваны на Пакроўскіх могілках у Рызе.
У 1981 г. Руская Праваслаўная Царква ў замежжы кананізавала Іаана Рыжскага. У 2001 г. на Саборы Латвійскай Праваслаўнай Царквы таксама было прынята рашэнне аб яго кананізацыі. У 2003 г. адбылося ўрачыстае перанясенне мошчаў святога ў Рыжскі кафедральны сабор. У 2002 г. пастановай Святога Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы свяшчэннамучанік Іаан, падзвіжніцкая дзейнасць якога звязана з беларускай зямлёй, быў уключаны ў сінодзік Сабора Беларускіх святых. Ікона з часцінкай яго мошчаў захоўваецца ў Жыровіцкім Свята-Успенскім манастыры (Слонімскі раён Гродзенскай вобласці). Дзень памяці святога адзначаецца 29 верасня (12 кастрычніка па новым стылі).