Музычны дзеяч, педагог, спявачка Святлана Адамаўна Стацэнка нарадзілася ў Мазыры Гомельскай вобласці. Скончыла музычнае аддзяленне педагагічнага каледжа ў г. Клінцы Бранскай вобласці (Расія), а таксама Мінскага педагагічнага інстытута. З 1991 г. С.Стацэнка працавала настаўнікам спеваў у школах Мазыра. У 1997 г. заснавала і ўзначаліла вакальную студыю эстрадных спеваў «ЮМЭ'С» (з 1998 г. узорная) пры гарадскім Палацы культуры. Выхаванцы педагога актыўна ўдзельнічалі ў фестывалях і конкурсах, выязджалі з гастролямі за мяжу. Святлана Адамаўна – лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў спеваў, у тым ліку міжнароднага «Дружба» (Гомель, Гран-пры 1996). З 2006 г. стала мастацкім кіраўніком студыі па падрыхтоўцы юных талентаў Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У.Мулявіна ў Мінску. Ганаровае званне заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь С.Стацэнка атрымала ў 2007 г. З 2011 г. яна з'яўляецца мастацкім кіраўніком Нацыянальнага дзіцячага песеннага тэлевізійнага конкурсу «Я спяваю».
Святлана Стацэнка – аўтар музычных праектаў і вакальных аранжыровак для выканаўцаў. Сярод вучняў – пераможцы і прызёры Міжнароднага дзіцячага конкурсу песні «Еўрабачанне» К.Сітнік (2005), А.Кунец (2006), К.Жуковіч, А.Молаш, Д.Надзіна (у складзе вакальнага трыа, 2008). Пад кіраўніцтвам С.Стацэнка вучні сталі пераможцамі прэстыжнага Міжнароднага конкурсу песні і музыкі «Sanremojunior» (Італія , 2012), Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» і інш. Сёння яе выхаванцы выступаюць на канцэртах у розных гарадах Беларусі, удзельнічаюць у дабрачынных акцыях.
За ўклад у развіццё айчыннай культуры С.Стацэнка ўзнагароджана нагрудным знакам, удастоена Нацыянальнай музычнай радыёпрэміі «Золотое ухо» (2007), атрымала медаль «100 лет славянскому движению на землях Беларуси. 1909–2009 гг.».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.