Барыс Уладзіміравіч Якаўлеў – выдатны спецыяліст у галіне энергетыкі, таленавіты вучоны – усе свае сілы, талент, веды і вопыт прысвяціў справе развіцця энергетыкі краіны.
Нарадзіўся ён у Ржэве Калінінскай вобласці (Расія). У гады Вялікай Айчыннай вайны сямігадовым хлопчыкам разам з сям'ёй быў вывезены ў канцлагер пад Мінскам. Пасля вызвалення вучыўся ў сярэдняй школе. Скончыўшы сем класаў, Б.У. Якаўлеў паступіў у Мінскі энергетычны тэхнікум, які паспяхова скончыў у 1955 г. З 1956 па 1962 г. вучыўся на вячэрнім аддзяленні энергетычнага факультэта Беларускага політэхнічнага інстытута (БПІ) па спецыяльнасці «Цеплаэнергетычныя ўстаноўкі электрастанцый». Адначасова да 1965 г. Б.У. Якаўлеў працаваў у інстытуце «Белпрампраект»: спачатку тэхнікам, затым інжынерам, старшым інжынерам, кіраўніком групы. У 1965–1966 гг . – старшы інжынер, кіраўнік групы Беларускага энергетычнага навукова-даследчага інстытута імя Г.М. Кржыжаноўскага. У 1968 г. скончыў аспірантуру БПІ, працаваў у інстытуце асістэнтам, старшым выкладчыкам кафедры «Цеплавыя электрычныя станцыі». У 1970 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Исследование влияния режимных и конструктивных факторов на эффективность теплофикационных турбин с отопительными отборами пара». З 1973 г. – дацэнт кафедры. Далейшая працоўная дзейнасць Б.У. Якаўлева была звязана з Беларускім аддзяленнем інстытута «УНДПІэнергапрам» (цяпер РУП «БелНІПІэнергапрам»), дзе ён загадваў навукова-даследчай лабараторыяй, аддзелам, быў намеснікам галоўнага інжынера, а затым дырэктарам па навукова-даследчай рабоце. З 1994 г. і да апошніх дзён жыцця Б.У. Якаўлеў – загадчык сектара цеплазабеспячэння комплекснага навукова-вытворчага аддзела энергетыкі і экалогіі РУП «БелНІПІэнергапрам».
Практычную дзейнасць вучоны плённа сумяшчаў з напружанай навуковай працай. Актыўна супрацоўнічаў з часопісам «Энергия и менеджмент», з'яўляўся старшынёй рэдакцыйнага савета. У яго творчым багажы – больш за 200 друкаваных прац, у тым ліку дзве манаграфіі, тры даведачныя і тры навучальныя дапаможнікі, 22 аўтарскія пасведчанні на вынаходствы. Навуковыя працы прысвечаны ўдасканаленню сістэм цеплафікацыі і цеплазабеспячэння, асваенню новых энергатэхналогій на ЦЭС. У 2003 г. стаў прафесарам. У 2004 г. Б.У. Якаўлеў абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Повышение эффективности систем теплофикации и теплоснабжения».
Барыс Уладзіміравіч унёс вялікі тэарэтычны і практычны ўклад у павышэнне эфектыўнасці цеплафікацыі і сістэм цеплазабеспячэння, работу цеплавых электрычных станцый, прымяніў новыя энергатэхналогіі, у прыватнасці, парагазавыя. Яго арыгінальныя ідэі ўкаранёны на многіх аб'ектах энергасістэмы Беларусі і рэспублік былога СССР. Вучоны таксама прымаў непасрэдны ўдзел у распрацоўцы зацверджаных Урадам «Энергетычнай праграмы», «Асноўных напрамкаў энергетычнай палітыкі», «Канцэпцыі цеплазабеспячэння» і «Праграм энергазберажэння» Рэспублікі Беларусь.
Як вядомы вучоны і спецыяліст у галіне цеплафікацыі, ён з'яўляўся членам Савета па комплексных праблемах развіцця энергетыкі Паўночнага Захаду пры АН СССР; членам тэхніка-эканамічнага савета і Прэзідыума праўлення БелНТТЭ і ЭП; намеснікам галоўнага рэдактара рэспубліканскага зборніка «Научные и прикладные проблемы энергетики»; членам саветаў па абароне дысертацый; падрыхтаваў пяць кандыдатаў навук. Многія з яго вучняў сталі кіраўнікамі і вядучымі спецыялістамі ў энергетыцы.
Барыс Уладзіміравіч Якаўлеў узнагароджаны граматамі, медалямі, знакам «Выдатнік энергетыкі Рэспублікі Беларусь» (1995) і інш. Яму прысвоены званні «Ганаровы энергетык Беларускай энергасістэмы» (1999), «Ганаровы работнiк Беларускай энергасiстэмы» (2005).