Азізаў Дамуло нарадзіўся 15 сакавіка 1913 г. у кішлаку Кістакуз Гафураўскага раёна Сагдыйскай вобласці Таджыкістана ў сялянскай сям’і. Атрымаў сярэднюю адукацыю, затым працаваў настаўнікам у школе ў родным кішлаку. Потым паступіў на завочнае аддзяленне гістарычнага факультэта Ленінабадскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Кірава. У 1942 г. прызваны ў рады Чырвонай арміі і з красавіка гэтага года ўдзельнічаў у баях на Заходнім, з лютага 1943 г. – на Цэнтральным франтах камандзірам кулямётнага разліку 120-га стралковага палка 69-й стралковай дывізіі 65-й арміі. Малодшы сяржант Дамуло Азізаў лічыўся ў сваім палку лепшым кулямётчыкам.
У пачатку верасня 1943 г. у баях за горад Сэўск Бранскай вобласці Дамуло агнём кулямёта адбіў дзве контратакі праціўніка, пры гэтым знішчыў 25 гітлераўскіх салдат, за што быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Смелымі і рашучымі дзеяннямі ён вызначыўся і 15 кастрычніка 1943 г. пры фарсіраванні Дняпра паўднёвей Гомеля. У складзе дэсантнай групы пад агнём праціўніка Азізаў, не чакаючы прычальвання, выскачыў з лодкі, па пояс у вадзе дасягнуў берага і першым бясстрашна ўварваўся ў нямецкую траншэю, ручной гранатай знішчыў разлік станковага кулямёта, павярнуў яго ў бок гітлераўцаў і ва ўпор расстраляў групу нямецкіх аўтаматчыкаў. Бесперапынна страляючы, Азізаву ўдалося замацавацца на маленькім плацдарме. Яго аддзяленне паспяхова адбівала атаку за атакай. За гэты бой, “за паспяховае фарсіраванне ракі Дняпро, трывалае замацаванне плацдарма на заходнім беразе ракі Дняпро і праяўленыя пры гэтым адвагу і геройства” Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 30 кастрычніка 1943 года Азізаў атрымаў званне “Герой Савецкага Саюза”.
Дамуло Азізаў гераічна загінуў 24 кастрычніка 1943 г. пры вызваленні вёскі Астравы Лоеўскага раёна. Герой быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Леніна (30.10.1943) і ордэнам Чырвонай Зоркі (26.09.1943). У вёсцы Новая Баршчоўка Лоеўскага раёна знаходзіцца брацкая магіла, у якой ён пахаваны.
У Беларусі свята шануюць памяць аб сыне таджыкскага народа, які аддаў сваё жыццё за яе вызваленне. У Мінску яго імя носяць вуліца, дзе на доме № 2 устаноўлена мемарыяльная дошка, і школа № 35. У гэтай школе арганізаваны мемарыяльны пакой героя. Тут 11 верасня 2013 г. адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця яго бюста, створанага скульптарамі Я. Дабравольскім і А. Русецкім.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.