Міхаіл Васільевіч Арцёменка нарадзіўся ў вёсцы Малашкавічы Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і сялян.
У красавіку 1941 г. стаў чырвонаармейцам, ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай вайны, меў некалькі баявых раненняў, быў узнагароджаны медалямі.
У снежні 1947 г. вярнуўся на радзіму. Уладкаваўся працаваць пастухом, затым даглядчыкам жывёлы ў саўгас «Дзедлаўскі» (з 1957 г. – адкормачны саўгас «1 Мая») у вёсцы Курганне Журавіцкага (з 1956 г. – Рагачоўскага) раёна.
Нягледзячы на малую колькасць кармоў для буйной рагатай жывёлы ў пасляваенны час Міхаіл Васільевіч старанна і адказна ўзяўся за даручаную справу. Ён па-гаспадарску даглядаў саўгасны статак, умела і эканомна выкарыстоўваў кармы. Добрасумленная праца і акуратнае выкананне правілаў утрымання маладых жывёл дазволілі дамагчыся паслядоўнага росту сярэднясутачных прыбаўленняў маладняку буйной рагатай жывёлы ў вазе.
У час сёмай пяцігодкі (1959–1965) М.В. Арцёменка даглядаў групу з 80 бычкоў. Дзякуючы збалансаванаму кармленню жывёл і стараннаму догляду кожная жывёла ў яго групе штодзень прыбаўляла ў вазе каля кілаграма.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 сакавіка 1966 г. за дасягнутыя поспехі ў развіцці жывёлагадоўлі, павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак мяса, малака, яек, воўны і іншай прадукцыі Міхаілу Васільевічу Арцёменку было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
Выдатна працаваў Міхаіл Арцёменка і ў наступныя гады: паспяхова асвоіў новую тэхналогію вытворчасці, не зніжаў вытворчых паказчыкаў, спрыяў памнажэнню саўгасныага статка. У 1976 г. па стане здароўя быў вымушаны перайсці ў паляводства. У 1982 г. М.В. Арцёменка выйшаў на заслужаны адпачынак, але працягваў працаваць начным вартаўніком на жывёлагадоўчай ферме саўгаса «1 Мая» (цяпер – сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Дзедлава» філіял ААТ «Гомельскі домабудаўнічы камбінат»).
Міхаіл Арцёменка прымаў актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці: быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР 7-га склікання (1967–1971), мясцовых Саветаў дэпутатаў працоўных. Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1966), Айчыннай вайны ІІ ступені (1985), медалямі.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў Міжнароднага інтэрнэт-праекта «Герои страны».