Леанід Парфілавіч Варганаў нарадзіўся ў пасёлку Чырвоны Алёс Добрушскага раёна Гомельскай вобласці. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны жыў у роднай вёсцы. У выніку нечаканага выбуху баепрыпасаў часоў вайны атрымаў значную траўму рукі. Пасля заканчэння няпоўнай сярэдняй школы працаваў у калгасе прычэпшчыкам на трактары.
З самага дзяцінства Леанід хацеў стаць механізатарам, але не быў прыняты ў вучылішча па інваліднасці. Юнак самастойна асвоіў асновы кіравання трактарам і ў 1958–1960 гг. працаваў на асваенні цалінных і абложных зямель у адным з саўгасаў Кастанайскай вобласці Казахстана. Ва ўмовах недахопу кваліфікаваных механізатараў быў прызначаны трактарыстам і хутка далучыўся да перадавікоў.
У 1961 г. Л. Варганаў вярнуўся на радзіму і быў прыняты ў вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі. Пасля заканчэння вучобы працаваў у калгасе “Чырвоны Кастрычнік” з цэнтрам у вёсцы Церахоўка. Імкнуўся як мага лепш засвоіць тэхналогію апрацоўкі зямлі, асаблівую ўвагу звяртаў на якасць палявых работ, надаваў вялікае значэнне павышэнню кваліфікацыі.
У пачатку 1970-х гг. у калгасе “Чырвоны Кастрычнік” было створана механізаванае звяно па вырошчванні бульбы, і Леанід Варганаў атрымаў прапанову ўзначаліць яго. Для бульбаводаў наладзілі вучобу ў спецыяльных агратэхнічных гуртках. Леанід Парфілавіч заняўся самаадукацыяй, супрацоўнічаў з агранамічнай службай калгаса, стараўся засвоіць вопыт перадавых бульбаводаў. Вынікам самаадукацыі стаў арыгінальны акучвацель (“самалёт” Варганава), прымяненне якога дазволіла значна палепшыць якасць апрацоўкі міжраддзяў, павысіць прадукцыйнасць працы.
Перадавая агратэхніка вырошчвання бульбы, укараненне ў вытворчасць перадавога вопыту, прымяненне высокаўраджайных гатункаў, засваенне найноўшых спосабаў прымянення арганічных і мінеральных угнаенняў, высокі ўзровень механізацыі вытворчых працэсаў прывялі да высокіх і стабільных вынікаў. Штогадовы збор клубняў у звяне Л. Варганава вырас са 100 цэнтнераў з гектара ў 1971 г. да 311 цэнтнераў у 1976 г.
У 1972 г. за поспехі, дасягнутыя ў павелічэнні вытворчасці і продажу дзяржаве прадуктаў земляробства, і праяўленую працоўную доблесць Леанід Парфілавіч Варганаў быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. За вялікія поспехі, дасягнутыя ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве, і праяўленую працоўную доблесць у 1973 г. Л. Варганаў быў узнагароджаны ордэнам Леніна. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 27 снежня 1976 г. Леаніду Парфілавічу Варганаву было прысвоена званне героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля “Серп і Молат”.
Як перадавік і наватар вытворчасці Л. Варганаў прыкладаў шмат намаганняў, каб з году ў год дамагацца высокіх вынікаў у працы. Некалькі гадоў запар у калгасе збіралі па 300–350 цэнтнераў бульбы з гектара ў неспрыяльных пагодна-кліматычных умовах канца 1970-х гадоў. Вопыт звяна Л. Варганава сталі выкарыстоўваць бульбаводы іншых гаспадарак раёна.
За доўгія гады работы ў калгасе Леанід Парфілавіч Варганаў зарэкамендаваў сябе як удумлівы працаўнік, выдатны настаўнік моладзі, якога характарызавалі працавітасць, творчы падыход да справы, актыўная грамадзянская пазіцыя. Леанід Варганаў быў узнагароджаны двума ордэнамі Леніна (1973, 1976), ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1972), медалямі ВДНГ СССР. У 1980–1985 гг. з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.
Пераклад 2020 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта “Герои страны”.