Пётр Мітрафанавіч Валавікоў нарадзіўся ў вёсцы Целяшы Гомельскага раёна ў сялянскай сям’і. Скончыў школу-сямігодку, затым Гомельскі фінансава-эканамічны тэхнікум.
Працоўную дзейнасць пачаў у 1936 г. старэйшым бухгалтарам на станцыі Біра Яўрэйскай аўтаномнай вобласці. Увосень 1939 г. быў прызваны ў Чырвоную Армію. Службу праходзіў у артылерыйскіх частках на Далёкім Усходзе. Пасля заканчэння артылерыйскага вучылішча ў сакавіку 1943 г. П.М. Валавікоў быў накіраваны на фронт. Увесь баявы шлях прайшоў у складзе артылерыйскага палка 8-й кавалерыйскай дывізіі. Ваяваў на Цэнтральным, Заходнім, 1-м і 2-м Украінскіх франтах. Быў камандзірам агнявога ўзвода, афіцэрам разведкі.
Пасля звальнення ў запас у 1947 г. жыў на Украіне. Працаваў бухгалтарам педагагічнага вучылішча ў Дубенскім раёне Ровенская вобласці. У 1950 г. П.М. Валавікоў быў абраны старшынёй калгаса “Прагрэс” Дубенскага раёна. Умела кіраваў калгаснай вытворчасцю, забяспечыў гаспадарцы высокія даходы. У 1954 г. калгас стаў удзельнікам Усесаюзнай выставы дасягненняў народнай гаспадаркі.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 26 лютага 1958 г. за асаблівыя заслугі ў развіцці сельскай гаспадаркі і дасягненне высокіх паказчыкаў па вытворчасці збожжа, цукровых буракоў, мяса, малака і іншых прадуктаў сельскай гаспадаркі і ўкараненне ў вытворчасць дасягненняў навукі і перадавога вопыту Пятру Мітрафанавічу Валавікову было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля “Серп і Молат”.
У 1961 г. Пётр Мітрафанавіч быў накіраваны ў калгас імя Жданава Гошчанскага раёна. За невялікі перыяд часу старшыня вывеў гаспадарку ў лік перадавых. На працягу трох пяцігодак калгас забяспечваў рост і выкананне планаў вытворчасці і продажу дзяржаве ўсіх відаў сельгаспрадукцыі. За два гады дванаццатай пяцігодкі рост вытворчасці склаў 33,8%. Чысты даход калгаса ў 1987 г. узрос да 4,4 млн. рублёў.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 17 жніўня 1988 г. за выдатныя заслугі ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці, вялікі асабісты ўклад у павелічэнне вытворчасці прадукцыі земляробства і жывёлагадоўлі на аснове інтэнсіўных тэхналогій і перадавых метадаў арганізацыі працы Пётр Мітрафанавіч Валавікоў быў узнагароджаны ордэнам Леніна і залатым медалём “Серп і Молат” і стаў двойчы Героем Сацыялістычнай Працы.
Пётр Валавікоў прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці краіны: быў дэлегатам XVII з’езда прафсаюзаў СССР, VI Усесаюзнага з’езда калгаснікаў, неаднаразова выбіраўся дэпутатам абласнога і сельскага Саветаў дэпутатаў працоўных. Узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, ордэнамі Айчыннай вайны І-й і ІІ-й ступеняў, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, медалямі.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта “Герои страны”.