Якаў Трафімавіч Церашкавец нарадзіўся ў Калінкавічах. Пасля атрымання атэстата аб няпоўнай сярэдняй адукацыі працаваў у паравозным дэпо чыгуначнай станцыі Калінкавічы, скончыў Мінскі гандлёвы тэхнікум (цяпер Мінскі гандлёвы каледж Белкаапсаюза), паступіў у Беларускі інстытут фізічнай культуры (цяпер Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры). У студэнцкія гады дабравольцам уступіў у рады Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі і ўдзельнічаў у савецка-фінляндскай вайне 1939–1940 гг. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны Якаў Церашкавец удзельнічаў у баях, быў узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі», аднак у выніку цяжкага ранення быў вымушаны пакінуць армію.
Пасля дэмабілізацыі працаваў інструктарам Паўднёва-Асяцінскага абласнога камітэта фізічнай культуры, Паўднёва-Асяцінскага абласнога аддзела народнай адукацыі. У 1943 г. атрымаў пасаду выкладчыка Паўднёва-Асяцінскага педагагічнага інстытута (цяпер Паўднёва-Асяцінскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Аляксандра Цібілава) у г. Цхінвал (Грузія).
Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны Я.Т. Церашкавец вярнуўся на Радзіму. У 1946 г. атрымаў дыплом Беларускага інстытута фізічнай культуры і быў накіраваны ў Гомель, працаваў у абласным камітэце фізічнай культуры, у Гомельскім дзяржаўным тэхнікуме фізічнай культуры (цяпер не існуе). У 1950–1975 гг. выкладаў у Гомельскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя В.П. Чкалава (цяпер Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны), дзе прайшоў шлях ад выкладчыка да загадчыка кафедры.
За гады трэнерскай працы Я.Т. Церашкавец падрыхтаваў шэраг спартсменаў, якія ўваходзілі ў склад зборных каманд Гомельскай вобласці, БССР і СССР. Сярод яго вучняў Уладзіслаў Сапея – рэкардсмен СССР, чэмпіён спартакіяды Народаў СССР у бегу на 100 і 200 м, уладальнік Кубка Еўропы ў бегу на 100 і 200 м, удзельнік ХІХ Алімпійскіх гульняў у Мехіка (1968), савецкі спартсмен, які ўваходзіў у лік мацнейшых спартсменаў свету ў самым прэстыжным відзе лёгкай атлетыкі – спрынце.
За добрасумленныя адносіны да працы, добрую арганізацыю вучэбна-выхаваўчага працэсу, актыўную работу па падрыхтоўцы маладых спецыялістаў Якаў Трафімавіч Церашкавец быў удастоенны ганаровага звання «Заслужаны трэнер БССР» і ганаровага знака «Выдатнік народнай адукацыі».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.