Вера Яўціхіеўна Ткачук нарадзілася ў Гомелі. У 1948 г. скончыла Гомельскі дзяржаўны тэхнікум фізічнай культуры і паступіла ў Беларускі дзяржаўны ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга Інстытут фізічнай культуры (цяпер Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры). Працоўную дзейнасць пачала ў якасці выкладчыка лёгкай атлетыкі і плавання Гомельскага дзяржаўнага тэхнікума фізічнай культуры (цяпер не існуе). У 1956 г. Вера Ткачук атрымала накіраванне ў Таджыкістан. На працягу трох гадоў працавала на пасадзе старэйшага выкладчыка кафедры фізічнага выхавання Ленінабадскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (цяпер Худжандскі дзяржаўны ўніверсітэт імя акадэміка Б. Гафурава). У 1959 г. вярнулася ў родны горад і пачала працаваць настаўнікам фізічнага выхавання сярэдняй школы №27 г. Гомеля. Шэраг яе выхаванцаў сталі прызёрамі і рэкардсменамі гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і ўсесаюзных спаборніцтваў. Адзін з яе вучняў – Юрый Горскі – стаў прызёрам першынства СССР.
У 1965 г. у Гомелі быў адкрыты першы плавальны басейн, і Веру Ткачук запрасілі на пасаду трэнера па плаванні. Яе вучні Ірына Герасімчук, Валерыя Міхедава, Надзея Болатава, Галіна Амельчанка, Алена Варатынская, Галіна Сталярчук уваходзілі ў склад юнацкай зборнай СССР па плаванні. Вера Зборшчык, Дзмітрый Казлоў, Ігар Федаровіч сталі майстрамі спорту міжнароднага класа па іншых відах спорту. Дачка Веры Ткачук Наталля стала майстрам спорту СССР па плаванні і цяпер працуе трэнерам.
У 1971 г. у Гомелі была адкрыла школа-інтэрнат спартыўнага профілю №1 (цяпер Гомельскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву), дзе Вера Яўціхіеўна працавала трэнерам да выхаду на заслужаны адпачынак.
Намаганні В.Я. Ткачук, накіраваныя на развіццё фізічнай культуры і спорту, былі адзначаны шматлікімі ганаровымі граматамі і дыпломамі. За дасягнутыя поспехі ў справе падрыхтоўкі таленавітых спартсменаў Вера Яўціхіеўна Ткачук першая з трэнераў Гомельскай вобласці была ўдастоена ганаровага звання «Заслужаны трэнер Беларусі» (1971), выбіралася дэпутатам Гомельскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.