Мікалай Рыгоравіч Казлоў нарадзіўся ў вёсцы Святое Рагачоўскага раёна Бабруйскай акругі (цяпер вёска Кірава Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці).
У 1954 г. скончыў Молатаўскі сельскагаспадарчы інстытут (цяпер Пермская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія імя акадэміка Д.М. Пранішнікава), працаваў інжынерам-землеўпарадкавальнікам у Казахстане. У 1956–1957 гг. узначальваў атрад землеўпарадкавальнікаў на будаўніцтве Бухтармінскай ГЭС ва Усходне-Казахстанскай вобласці, кіраваў экспедыцыяй у Гур’еўскай вобласці. З 1958 г. працаваў галоўным інжынерам, начальнікам землеўпарадкавальнай экспедыцыі пры Кустанайскім абласным упраўленні Міністэрства сельскай гаспадаркі Казахскай ССР, пасля быў прызначаны першым намеснікам гэтага ўпраўлення.
У студзені 1965 г. па ініцыятыве Мікалая Рыгоравіча Казлова ў Тургайскім стэпе быў створаны саўгас «Буравеснік». Землі новага саўгаса размяшчаліся ў трохстах кіламетрах ад абласнога цэнтра. Стварэнне і развіццё гаспадаркі былі звязаны з велізарнымі цяжкасцямі, адсутнасцю пад’язных дарог, вострым дэфіцытам кадраў і будаўнічых матэрыялаў. Нягледзячы на гэта, ужо ў першы год існавання працаўнікі саўгаса пад кіраўніцтвам М.Р. Казлова ўзаралі 50 тыс. гектараў цалінных зямель. З цягам часу агульная плошча пасяўных зямель саўгаса склала 106 тыс. гектараў.
Валодаючы выдатнымі арганізатарскімі здольнасцямі, Мікалай Рыгоравіч Казлоў за кароткі час змог цалкам забяспечыць гаспадарку тэхнікай і кадрамі. На палях саўгаса працавалі 270 трактароў, 420 збожжаўборачных камбайнаў, 28 механізаваных такоў для збожжа. На другі год існавання «Буравеснік» засеяў 65 194 гектара цаліны пры плане 61 100 гектараў і стаў лепшым у раёне. Мікалай Казлоў шмат увагі ўдзяляў арганізацыі догляду за пасевамі, уборцы першага цаліннага ўраджаю. Хлебаробы «Буравесніка» першымі ў раёне скончылі жніво і сабралі па 11,8 цэнтнера збожжа з гектара пры плане 8,3 цэнтнера. План валавога збору збожжа калектыў саўгаса пад кіраўніцтвам М.Р. Казлова выканаў на 147 працэнтаў і здаў хлеба дзяржаве ўдвая больш, чым прадугледжвалася планавым заданнем. Па выніках 1966 г. гаспадарка атрымала паўтара мільёна рублёў прыбытку.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 19 красавiка 1967 г. за дасягнутыя поспехі ў павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак збожжа ў 1966 г. Мікалаю Рыгоравічу Казлову было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
Мікалай Казлоў узначальваў саўгас «Буравеснік» да апошніх дзён свайго жыцця. Дзякуючы яго намаганням у гаспадарцы атрымалі шырокае распаўсюджванне найноўшыя дасягненні агранамічнай навукі, з году ў год паспяхова выконваліся планавыя заданні, павялічвалася ўраджайнасць збожжавых культур.
Вялікае значэнне дырэктар «Буравесніка» надаваў стварэнню камфортных жыллёва-бытавых умоў. Для работнікаў саўгаса было пабудавана каля 8 тыс. квадратных метраў жылля, сталовая, клуб і дзіцячы сад, высаджана 12 тыс. фруктовых дрэў, заасфальтавана больш за 18 тыс. квадратных метраў дарог і тратуараў, створана і зарыблена 12 буйных вадаёмаў, неабходных для атрымання высокіх ураджаяў і адпачынку хлебаробаў. У 1974 г. забудова пасёлка саўгаса «Буравеснік» была адзначана дыпломам ВДНГ СССР, а М.Р. Казлоў як аўтар праекта і будаўнік атрымаў прэмію Савета Міністраў СССР.
Мікалай Рыгоравіч Казлоў узнагароджаны двума ордэнамі Леніна (1967, 1972), ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1976), медалямі.
У памяць аб арганiзатары і першым дырэктары саўгаса «Буравеснік» на цэнтральнай сядзібе саўгаса (цяпер сяло Буравеснік Наурзумскага раёна Кустанайскай вобласці Казахстана) усталяваны памятны знак, а сама гаспадарка перайменавана ў гонар М.Р. Казлова.
Пераклад 2020 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».