Марыя Васільеўна Казлова нарадзілася ў вёсцы Галавінцы Гомельскага раёна ў сялянскай сям’і. Атрымала няпоўную сярэднюю адукацыю і стала працаваць у мясцовым калгасе. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны эвакуіравала грамадскі статак, з якім пешшу прайшла ад Гомеля да Курска. Ударна працавала ў тыле, уносячы пасільны ўклад у забеспячэнне фронту прадуктамі сельскай гаспадаркі. У лістападзе 1943 г. вярнулася ў родную вёску, прымала актыўны ўдзел у адраджэнні разбуранай гаспадаркі. У пасляваенны час калгас не меў сельскагаспадарчай тэхнікі, адчуваўся востры недахоп насеннага фонду. Марыя Казлова па жменьцы збірала зерне для пасеву.
З цягам часу калгасная гаспадарка мацнела, адбудоўваліся жывёлагадоўчыя памяшканні, пачала працаваць малочнатаварная ферма. У 1946 г. Марыя Казлова стала асвойваць прафесію даяркі. У першыя пасляваенныя гады на ферме былі вельмі цяжкія ўмовы працы, слабая забяспечанасць кармамі, адчуваўся востры недахоп мужчынскіх рук. Марыя Васільеўна цалкам аддавалася рабоце, жыла клопатамі пра сваіх гадаванцаў, уважліва назірала за работай больш вопытных калгасніц, вучылася складаць рацыёны кармлення, авалодала асновамі раздоя першацёлак.
Праз некаторы час Марыя Казлова стала лепшай даяркай калгаса: працавітасць і акуратнае выкананне правіл догляду, утрымання і дойкі кароў дазволілі ёй дамагацца стабільна высокіх надояў, поўнага захавання прыплоду. Марыя Васільеўна пастаянна працавала над павышэннем прадукцыйнасці і атрымлівала па чатыры тысячы кілаграмаў малака ад каровы, а за перыяд восьмай пяцігодкі (1966–1970) пераадолела пяцітысячны рубеж.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 8 красавіка 1971 г. за выдатныя поспехі, дасягнутыя ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці і выкананні пяцігадовага плана продажу дзяржаве прадуктаў земляробства і жывёлагадоўлі, Марыі Васільеўне Казловай было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
Перадавая даярка неаднаразова прымала ўдзел у рабоце Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі СССР (ВДНГ СССР), была адзначана медалямі і ганаровымі дыпломамі Галоўнага выставачнага камітэта, адной з першых у гаспадарцы атрымала званне «Ударнік камуністычнай працы».
У дзявятай пяцігодцы (1971–1975) Марыя Казлова спаборнічала з перадавымі даяркамі з Добрушскага раёна і год ад году павялічвала надоі. У 1971 г. яна атрымала ад кожнай фуражнай каровы па 5431 кілаграму малака, у 1972 г. – па 5760 кг, у 1973 г. – па 6528 кг, і за тры з паловай гады выканала асабістае пяцігадовае заданне. За вялікія поспехі, дасягнутыя ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве, і праяўленую працоўную доблесць у выкананні прынятых абавязацельстваў па павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак прадуктаў жывёлагадоўлі ў зімовы перыяд 1972–1973 гг. была ўзнагароджана ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі.
У 1974 г. Марыя Казлова атрымала па 7298 кілаграмаў малака ад кожнай каровы і ў пяты раз запар стала лепшай даяркай раёна. Да выхаду на заслужаны адпачынак у 1977 г. яна заставалася ў ліку лепшых даярак рэспублікі. Марыя Васільеўна была выдатнай настаўніцай для маладых жывёлаводаў, ініцыятарам стварэння і шэфам камсамольска-маладзёжнага звяна, члены якога актыўна ўключыліся ў сацыялістычнае спаборніцтва. На заслужаным адпачынку Марыя Казлова працягвала актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці гаспадаркі і раёна, выбіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР (1975–1980), Гомельскага раённага і Улукаўскага сельскага Саветаў дэпутатаў працоўных. Узнагароджана ордэнамі Леніна (1971), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1973), медалямі, у тым ліку «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.».
Пераклад 2020 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».