Паліна Фёдараўна Казлова нарадзілася ў вёсцы Сідаравічы Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці ў шматдзетнай сялянскай сям’і. З малых гадоў навучылася даіць карову, жаць, касіць, хадзіць за плугам. Калі пачалася Валікая Айчынная вайна, на фронт пайшоў бацька Паліны і двое старэйшых братоў. У 1944 г. ад голаду і нягод памерла маці, і хатнія клопаты ляглі на дзявочыя плечы.
Пасля вызвалення роднай вёскі Паліна Казлова стала працаваць у калгасе «Чырвоны Кастрычнік», прымала ўдзел у аднаўленні гаспадаркі, разбуранай у ваенны час. У канцы 1940-х гг. у калгасе з’явілася жывёлагадоўчая ферма, куды П.Ф. Казлова прыйшла працаваць цялятніцай. Каб авалодаць прафесіяй жывёлавода, карысталася парадамі вопытных калгасніц, вучылася правільна складаць рацыёны кармлення жывёл, пераймала перадавыя прыёмы работы.
У 1950 г. «Чырвоны Кастрычнік» быў далучаны да новаўтворанага саўгаса «Нісімкавічы». Паліна Казлова стала даглядаць групу свінаматак. Нягледзячы на тое, што на свінаферме адсутнічала механізацыя, а ўсе работы выконваліся ўручную, Паліна Фёдараўна настойліва спасцігала сакрэты новай для сябе прафесіі. Каб атрымаць больш высокія прыбаўленні жывёлы ў вазе і палепшыць класнасць жывёл, пераймала метады і прыёмы больш вопытных свінарак. З першых дзён работы праявіла стараннасць і выключную працавітасць, вялікую любоў да жывёл. Пры вострым недахопе кармоў і адсутнасці радзільнага памяшкання, жывёлы, замацаваныя за Палінай Казловай, былі дагледжаны і ўтрымліваліся ў чысціні.
За кароткі час Паліна Фёдараўна набыла багаты вопыт, стала прызнаным майстрам сваёй справы і выйшла на перадавыя пазіцыі ў сацыялістычным спаборніцтве сярод жывёлаводаў раёна. У 1965 г. ад кожнай са свінаматак сваёй групы яна атрымала па 22 парасяці, цалкам захавала прыплод, дарасціла да двухмесячнага ўзросту і перадала на адкорм.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 сакавіка 1966 г. за дасягнутыя поспехі ў развіцці жывёлагадоўлі, павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак мяса, малака, яек, шэрсці і іншай прадукцыі Паліне Фёдараўне Казловай было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
У 1966–1970 гг. П.Ф. Казлова стала лепшай па прафесіі ў раёне і адной з лепшых у вобласці. За вялікія поспехі, дасягнутыя ў развіцці сельскай гаспадаркі і выкананні заданняў восьмай пяцігодкі па вытворчасці і продажу дзяржаве прадуктаў жывёлагадоўлі, была ўзнагароджана ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі. У 1972–1983 гг. узначальвала саўгасную свінаферму, арганізавала работу па стварэнні высокапрадуктыўнага пагалоўя свінаматак, прымала актыўны ўдзел у пераводзе жывёлагадоўлі на прамысловую аснову, спрыяла ўкараненню прагрэсіўных формаў арганізацыі працы жывёлаводаў. У гады наступных пяцігодак калектыў, які ўзначальвала П.Ф. Казлова, нарошчваў аб’ёмы прадукцыі і дапамагаў саўгасу заставацца адной з лепшых гаспадарак вобласці.
У 1971–1975 гг. Паліна Фёдараўна Казлова з’яўлялася дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, мясцовых Саветаў дэпутатаў працоўных. Узнагароджана ордэнамі Леніна (1966), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1971), медалямі.
Пераклад 2020 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».