Павел Ігнатавіч Канопліч нарадзіўся ў вёсцы Замошша Буйнавіцкай воласці Мазырскага павета Мінскай губерні (цяпер Лельчыцкі раён Гомельскай вобласці) у сялянскай сям’і. З 1935 г. працаваў у калгасе «Перамога». З восені 1936 г. праходзіў навучанне на курсах трактарыстаў пры Лельчыцкай машынна-трактарнай станцыі (МТС). Праз год стаў трактарыстам гэтай МТС. З першых дзён камсамолец Канопліч стаў працаваць практычна без перапынкаў, амаль штодзень выконваў па 2–3 нормы, праз год стаў ударнікам сацыялістычнага спаборніцтва і прыняў удзел у абласным злёце перадавікоў сельскай гаспадаркі.
У канцы 1930-х гг. Павел Канопліч стаў чырвонаармейцам, прымаў удзел у савецка-фінляндскай вайне 1939–1940 гг., быў паранены і пасля лячэння дэмабілізаваны. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны працаваў трактарыстам. З пачаткам вайны быў вымушаны застацца на акупіраванай тэрыторыі. Вясной 1943 г. разам з некалькімі аднавяскоўцамі стаў партызанам. З восені 1943 г. Павел Канопліч – баец Лельчыцкай партызанскай брыгады. У пачатку 1944 г. разам з перадавымі часткамі Чырвонай Арміі вызваляў вёскі Замошша, Астражанка і Сіманавічы Лельчыцкага раёна, стаў чырвонаармейцам і быў накіраваны на фронт.
Павел Канопліч увайшоў у склад групы разведчыкаў, якім патрэбна было вывучыць стан варожай абароны ў раёне Петрыкава. У час выканання аперацыі ён наступіў на міну і атрымаў цяжкія раненні абедзвюх ног. Больш за год ён знаходзіўся ў шпіталях, перанёс ампутацыю ступняў. Як інвалід І-й групы быў дэмабілізаваны і вярнуўся ў роднае сяло. Надзейнай апорай Паўлу Ігнатавічу стала яго жонка Ірына. Дзякуючы яе намаганням і сваёй нязломнай волі праз пэўны час ён вярнуўся ў родны калгас у якасці нарыхтоўшчыка ягад і грыбоў.
Такая работа не задавальняла Паўла Канопліча: ён марыў аб вяртанні да прафесіі трактарыста і часта бываў на машынным двары Лельчыцкай МТС. Са згоды брыгадзіра і пры падтрымцы іншых трактарыстаў за год навучыўся кіраваць трактарам, стаў памочнікам трактарыста. Вясной 1950 г. Павел Ігнатавіч быў дапушчаны да самастойнай працы на новым трактары маркі СХТЗ-НАТІ. Праз год ён стаў лепшым механізатарам раёна, а яго імя было занесена на Дошку гонару Лельчыцкай МТС. Нягледзячы на занятасць, займаўся самаадукацыяй, вывучаў вопыт перадавых механізатараў краіны, актыўна ўкараняў перадавыя формы арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці.
Пасля скасавання сістэмы МТС у 1958 г. Павел Канопліч перайшоў на працу ў саўгас «Буйнавічы», прымаў актыўны ўдзел ва ўкараненні комплекснай механізацыі. У пачатку 1963 г. стаў ініцыятарам пераходу на звеннявую сістэму арганізацыі працы для вырошчвання цукровай кукурузы (маісу) і цукровых буракоў. Менавіта Паўлу Ігнатавічу было даверана ўзначаліць першае вопытнае звяно, створанае ў Замошскім аддзяленні саўгаса. Разам з напарнікам ён апрацоўваў участак плошчай 50 гектараў, 35 га было адведзена пад кукурузу і 15 – пад буракі. Праца механізаванага звяна пераканала кіраўніцтва ў рэнтабельнасці механізаванага вырошчвання: адсутнасць ручной працы знізіла сабекошт прадукцы амаль у два разы.
Праз год у гаспадарцы было арганізавана некалькі такіх механізаваных звёнаў, механізатары якіх вывучалі вопыт Канопліча. Не спыняючыся на дасягнутым, Павел Ігнатавіч дамогся ўкаранення комплекснай механізацыі на вырошчванні бульбы. Пашырылася і яго звяно: цяпер пяцёра механізатараў апрацоўвалі каля 40 гектараў кукурузы, 15 – буракоў і 80 – бульбы. Па прапанове Канопліча саўгас удасканаліў тэхналогію ўнясення ўгнаенняў пры апрацоўцы цукровых буракоў. Строгае захаванне агратэхнічных прыёмаў і навукова абгрунтаванае вапнаванне глебы прывяло да значнага павышэння ўрадлівасці. Умелая арганізацыя працы, веданне агратэхнікі вырошчвання культур і высокі ўзровень механізацыі вытворчых працэсаў дазволілі звяну Канопліча дамагацца высокіх ураджаяў нават у няпростых пагодна-кліматычных умовах.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 30 красавіка 1966 г. за поспехі, дасягнутыя ў павелічэнні вытворчасці і нарыхтоўкі бульбы, гародніны і пладоў, Паўлу Ігнатавічу Каноплічу было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
У 1968 г. Павел Канопліч выйшаў на заслужаны адпачынак па стане здароўя. Прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці рэспублікі: з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1963–1967), мясцовых Саветаў дэпутатаў працоўных. Пражываў у роднай вёсцы. Разам з жонкай выгадаваў семярых дзяцей. Узнагароджаны ордэнам Леніна (1966), медалямі.
Імя Героя было прысвоена Замошскай сярэдняй школе. Пра яго жыццёвы шлях і працоўны подзвіг распавядаецца ў кнізе беларускага пісьменніка Уладзіміра Правасуда «Палескі Марэсьеў». Яму прысвечаны дакументальны фільм «Живет на Полесье человек».
Пераклад 2020 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».