Дата начала: 1578 Магілёў, г.
Названия на других языках: Могилевская ратуша (русский);
Сімвалам і візітнай карткай Магілёва з’яўляецца гарадская ратуша – адзін з лепшых прыкладаў грамадзянскай архітэктуры XVII–XVIII стст. Яе ўзвядзенне пачалося ў 1578 г., праз год пасля атрымання горадам магдэбургскага права. Першапачаткова ратуша была драўлянай, таму неаднаразова згарала дашчэнту і яе месцазнаходжанне мянялася. Гарадскі магістрат прыняў рашэнне пабудаваць мураваную ратушу. У 1679–1681 гг. пад кіраўніцтвам майстра Феські (Фескі) быў узведзены двухпавярховы будынак. У 1682–1686 гг. майстрам Крузбергам з Быхава пабудавана каменная вежа вышынёй 26 м, якая ў 1686 г. абвалілася. Новую вежу вышынёй 38 м пачаў узводзіць у 1692 г. майстар Ігнат. Яна стала галоўнай вертыкальнай дамінантай горада. Пяціярусная вежа завяршалася гранёным купалам са шпілем, быў балкон, металічная агароджа. З цягам часу вежу пачаў упрыгожваць вялікі гадзіннік. Аконныя праёмы з невялікімі круглаватымі шыбамі мелі прыгожыя алавяныя рамы-аканіцы. Галоўны і дваровы ўваходы вылучаліся ганкамі. Будынак накрыты плоскай чырвонай чарапіцай, аздоблены пазалочанымі флюгерамі на франтоне, дахах ганкаў і вежавым шпілі. Як сведчаць гістарычныя і археалагічныя матэрыялы, першы паверх прызначаўся для правядзення судоў, там жа знаходзіліся канцылярыя і пакой, дзе захоўваліся дакументы магістрата. На другім паверсе былі вялікая зала для пасяджэнняў магістрата, дапаможныя памяшканні. Самы ніжні, цокальны, паверх адведзены пад скарбніцу, склады і турму. Будынак ацяпляўся каменнымі печкамі, паверхі злучаліся драўлянымі лесвіцамі. У 1773 г. ратуша капітальна перабудавана, дах накрыты бляхай. Гарызантальны пояс падзяляў сцяну будынка на два ярусы: першы руставаны, аконныя праёмы другога мелі абрамленні. Архітэктура фасадаў стала адпавядаць архітэктуры дамоў губернатара і віцэ-губернатара, узведзеных побач у стылі класіцызму. Ратуша была самым высокім у горадзе будынкам. У 1780 г. з яе назіральнай пляцоўкі Магілёвам любаваліся імператрыца Кацярына II і аўстрыйскі імператар Франц Іосіф II. У такім выглядзе будынак захаваўся да Вялікай Айчыннай вайны. У час вайны знішчана шмат гістарычных помнікаў архітэктуры, і ратуша не стала выключэннем. Да 1957 г. яе рэстаўрацыя так і не пачалася, было прынята рашэнне аб зносе будынка. Неаднаразова ішлі размовы аб аднаўленні гарадской ратушы. Спробы рэканструкцыі прадпрымаліся пачынаючы з 1970-х гг. 23 мая 1992 г. там, дзе калісьці ўзвышалася ратуша, адбылася сімвалічная закладка першага каменя і яго асвячэнне на ўрачыстым набажэнстве. Неўзабаве будаўніцтва было спынена і працягнулася толькі ў 2007 г. Адкрыццё страчанага, а цяпер адроджанага шэдэўра грамадзянскай архітэктуры XVII ст. адбылося ў ліпені 2008 г. Зараз тут знаходзяцца Музей гісторыі горада, зала пасяджэнняў, урачыстых прыёмаў і цырымоній, прыёмная кіраўніка гарадской адміністрацыі.
У цікавай і павучальнай гісторыі Магілёўскай ратушы адлюстраваліся ўсе важныя падзеі, якія перажываў горад. З яе аднаўленнем адроджана адна з галоўных архітэктурных дамінантаў цэнтра горада. Ратуша для гараджан была сімвалам самакіравання, а сёння стала і добрым знакам духоўнага адраджэння. Стаўшы адным з прыгажэйшых гарадскіх будынкаў, яна радуе сваім выглядам і выклікае захапленне ў жыхароў і гасцей абласнога цэнтра. Відарыс ратушы ўпрыгожыў эмблему культурнай сталіцы Беларусі і СНД 2013 года, якой стаў горад Магілёў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.