Лявон Пятровіч Неўдах нарадзіўся ў в. Радчыцк Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. З дзевяці гадоў (пасля смерці маці) выхоўваўся ў дзіцячых дамах Пагост-Загародскі (на Піншчыне) і Малыя Зводы (на Камянеччыне). Там атрымаў і сярэднюю адукацыю. Вучыўся ў Мінскім палітэхнікуме. У 1966 г. скончыў Полацкі нафтавы тэхнікум, пазней Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1981). Працаваў аператарам на Наваполацкім нафтаперапрацоўчым заводзе. З 1974 г. у наваполацкай гарадской газеце “Химик” (з 1995 г. і да закрыцця быў яе галоўным рэдактарам).
Першыя літаратурныя творы Л. Неўдаха пачалі друкавацца з 1984 г. у часопісах “Маладосць”, “Полымя”, газеце “Літаратура і мастацтва”. У сваёй аўтабіяграфіі ён піша: “… жыць на Поллаччыне і не пісаць – немагчыма. Мабыць, так. Тут усё працята духам Францыска Скарыны”.* Аднак будучага пісьменніка натхняла не толькі полацкая зямля, але і людзі, сярод якіх ён жыў і працаваў. Менавіта яны сталі першымі яго чытачамі і крытыкамі. Потым была праца ў літаб’яднанні “Крыніцы”, удзел у семінарах маладых літаратараў, публікацыі ў зборніках “Першыя сцежкі”, “Дзвіна”, кнігі прозы “Формула дабрыні”(1989), “Бумеранг” (2003) і паэзіі “Чорнае святло” (1998).
Зборнік прозы “Формула дабрыні” пачынаецца аповесцю “Мяжа магчымага”, дзе распавядаецца пра выключныя абставіны, у якіх выпрабоўваюцца людскія характары, прафесійная кампетэнтнасць, стойкасць. Другая кніга “Бумеранг” складаецца з трох аповесцяў: “Бумеранг”, “Паланэз Агінскага” і «Гарнітур “Алеся”». Кожны твор вызначаецца вастрынёй узнятых праблем, асаблівай дынамікай сюжэтнага развіцця, тонкім паказам псіхалогіі герояў.
У паэзіі Л. Неўдах выявіўся як аўтар з вельмі абвостраным адчуваннем часу. Аб’ектам яго мастацка-паэтычнага асэнсавання сталі 90-я гг. ХХ ст. Атмасфера часу з палітычнымі калізіямі, чалавек у гэтай атмасферы, яго роздум і пачуцці, адносіны да грамадства і сябе самога сталі лейтматывам першай паэтычнай кнігі “Чорнае святло”. Барацьба супярэчнасцей – асноўная адметнасць, на падставе якой адбываецца развіццё ўнутранага эмацыянальнага сюжэта кнігі. У трыпціху трыялетаў пад агульнай назвай “Альфа і амега” пісьменнік спрабуе асэнсаваць свой шлях, рэальна ацаніць уласную жыццёвую пазіцыю.
Для Л. Неўдаха паэзія – гэта форма мастацкага выяўлення асабістага свету, адзін са сродкаў духоўнай самарэалізацыі як творцы і мастака слова. Ён не імкнецца напісаць чым паболей вершаў, а стараецца стварыць уласны мастацкі летапіс часу, даследаваць чалавека як прадстаўніка гэтага часу.
* Цыт. па: Веснік Брэсцкага ўніверсітэта. Серыя філалагічных навук. – 2008. – № 1 (9). – С. 69.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г. Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай.