Уладзімір Мікалаевіч Старчанка нарадзіўся ў Гомелі ў сям'і настаўнікаў. Скончыў сярэднюю школу № 26 г. Гомеля і Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт (цяпер Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны, 1979). Пасля атрымання вышэйшай адукацыі Уладзімір Старчанка працаваў настаўнікам фізічнай культуры ў школах Гомеля. З 1990 г. пачаў працаваць на кафедры тэорыі і методыкі фізічнай культуры (ТМФК) Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. Пасля заканчэння аспірантуры У.М. Старчанка абараніў кандыдатскую дысертацыю на атрыманне ступені кандыдата педагагічных навук на тэму «Силовая подготовка юношей в условиях тренажерного зала общеобразовательной школы» (1993) і стаў дацэнтам кафедры ТМФК і выкладчыкам вучэбных дысцыплін: «Тэорыя спорту», «Тэорыя і методыка фізічнага выхавання», «Спартыўная метралогія».
Уладзімір Мікалаевіч Старчанка – метадолаг, тэарэтык агульнай і фізкультурна-спартыўнай педагогікі, стваральнік версіі дзейнаснай педагогікі, аўтар шэрагу вынаходніцтваў, вялікай колькасці навуковых і метадычных прац, вучэбных праграм і метадычных дапаможнікаў. Сярод яго работ шэраг метадычных дапаможнікаў для настаўнікаў агульнаадукацыйных школ: «Методыка вызначэння паспяховасці вучняў агульнаадукацыйнай школы па вучэбным прадмеце «Фізічная культура» (1999), «Планаванне вучэбнага матэрыялу Праграмы па фізічнай культуры вучняў агульнаадукацыйнай школы» (1999). У.М. Старчанка – аўтар вучэбна-метадычнага дапаможніка для студэнтаў ВНУ «Спартыўная метралогія» (2012). У складзе творчага калектыву вучоны прымаў удзел у падрыхтоўцы манаграфіі «Атлетизм для всех» (1993), даведачных выданняў «Русско-белорусский словарь спортивных терминов» (1995), «Гомельщина олимпийская» (2007) і інш.
Сёння У.М. Старчанка працягвае актыўную педагагічную і навуковую дзейнасць у Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны, рыхтуе новыя выданні ў галіне фізкультурна-спартыўнай педагогікі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.