Сяргей Уладзіміравіч Сеўдалеў нарадзіўся ў Гомелі. У 1993 г. скончыў факультэт фізічнай культуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, аспірантуру па спецыяльнасці «Тэорыя і методыка фізічнага выхавання, спартыўнай трэніроўкі, аздараўленчай і адаптыўнай фізічнай культуры». У 2003 г. С.У. Сеўдалеў абараніў дысертацыю на тэму «Организационно-методические особенности работы по физическому воспитанию школьников 10–12 лет в оздоровительных классах общеобразовательных школ территорий Чернобыльского загрязнения» пад кіраўніцтвам доктара педагагічных навук прафесара А.І. Палуніна і атрымаў вучонае званне дацэнта.
У 1997–2007 гг. Сяргей Уладзіміравіч Сеўдалеў працаваў на кафедры лёгкай атлетыкі і лыжнага спорту Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта на пасадах выкладчыка, дацэнта, з’яўляўся намеснікам дэкана факультэта фізічнай культуры па навукова-даследчай рабоце. З 2007 г. Сяргей Уладзіміравіч Сеўдалеў кіруе кафедрай тэорыі і методыкі фізічнай культуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны і паспяхова займаецца навуковай дзейнасцю. Ён мае звыш 90 апублікаваных навукова-метадычных прац, дзве манаграфіі. Сярод тэм, якімі цікавіцца навуковец, новыя тэхналогіі па выхаванні і фармаванні фізічнага здароўя дзяцей, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, кантроль і кіраванне трэніровачным працэсам высокакваліфікаваных спартсменаў.
Пэўны час Сяргей Уладзіміравіч Сеўдалеў прысвячае падрыхтоўцы спартыўнага рэзерву. Яго выхаванцы неаднаразова станавіліся пераможцамі і прызёрамі чэмпіянатаў, першынстваў і кубкаў па лёгкай атлетыцы ў Беларусі, атрымлівалі ўзнагароды на міжнародных спаборніцтвах па поліатлону.
Шмат увагі С.У. Сеўдалеў надае папулярызацыі алімпійскай адукацыі, прапагандзе ідэалаў і каштоўнасцей алімпізму. Дзякуючы яго намаганням у 2006 г. у Гомельскім дзяржаўным універсітэце быў адкрыты Музей-лабараторыя спартыўнай славы Гомельшчыны, пры кафедры тэорыі і методыкі фізічнай культуры дзейнічаюць першы ў Беларусі рэгіянальны кабінет алімпійскай адукацыі і спартыўны прэс-цэнтр, што спрыяе папулярызацыі алімпійскай адукацыі сярод студэнтаў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.