23 чэрвеня 1995 г. у гістарычным цэнтры Оршы быў адкрыты Аршанскі этнаграфічны музей "Млын". Ён увайшоў на правах філіяла ў склад Музейнага комплекса гісторыі і культуры Аршаншчыны. Музей размешчаны ў будынку старадаўняга вадзянога млына – помніку прамысловай архітэктуры, які быў пабудаваны ў 1902 г. з чырвонай цэглы на бутавым падмурку ў комплексе з арачным мостам на штучна створаным канале паміж рэкамі Днепр і Оршыца. Гэты будынак у 1991–1994 гг. рэканструяваны, а ў 2007 г. яму прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці 2-й катэгорыі і ён унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Экспазіцыя музея размешчана на двух паверхах. На першым знаходзіцца экспазіцыя “Хлеб наш надзённы”, на другім – выстаўка традыцыйных рамёстваў Аршаншчыны. Большасць экспанатаў абедзвюх залаў – прылады ўтылітарнага прызначэння, якія нясуць адбітак уздзеяння традыцыйнай народнай культуры, распаўсюджанай у мінулым на Аршаншчыне.
Раздзелы экспазіцыі “Хлеб наш надзённы” прадстаўляюць прылады працы земляроба, якія выкарыстоўваліся пры пасяўных работах, у час жніва і малацьбы. Гэта сохі, драўляныя бароны, сярпы, цапы для малацьбы зерня. Наведвальнікі маюць магчымасць прасачыць шлях хлеба ад падрыхтоўкі глебы да выпечанага бохана на стале.
Аснову выстаўкі “Традыцыйныя рамёствы Аршаншчыны” складаюць шматлікія ўзоры ткацтва – ад самага простага льнянога палатна да разнастайных па каларыце, дэкоры і тэхніцы выканання посцілак, ручнікоў, абрусаў з багатымі арнаментамі, вырабленымі з ільну. На выстаўцы змешчаны і прылады для апрацоўкі ільну: трапалкі, мялка, грабяні, прасніцы, верацёны, матавілы, сукалы, чаўнакі. Раздзел “Адзенне” знаёміць з камплектамі самабытнага аўтэнтычнага беларускага традыцыйнага жаночага касцюма – кашулямі, спадніцамі і андаракамі, фартухамі, паясамі. Раздзел “Ганчарства” прадстаўлены збанамі, слоікамі, гаршкамі, цацкамі і іншымі прадметамі, якія вырабляліліся тут і нават вывозіліся ў іншыя рэгіёны з мэтай продажу на кірмашах. Вялікую цікавась выклікае стэнд з копыскай кафляй. Тут прадстаўлена кафля з раслінным, геаметрычным і геральдычным дэкорам. Раздзел “Пляценне з лазы” уключае розныя корабы, кошыкі, капелюшы, мэблю, вырабленыя мясцовымі майстрамі. У музеі ствараецца таксама калекцыя сучаснага народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
У ніжняй частцы будынка знаходзіцца асобнае памяшканне для правядзення часовых выставак.
Навуковыя супрацоўнікі музея акрамя збору і захавання спадчыны свайго краю праводзяць таксама значную навуковую і навукова-асветную работу па адраджэнні традыцый нацыянальнай культуры Аршаншчыны. Так, напрыклад, з выкарыстаннем старажытных абрадавых дзеянняў, рытуалаў і прыкмет тут арганізавана правядзнне вясельнага абраду. Музей з’яўляецца трывалай базай для навучэнцаў мясцовых школ, педагагічнага каледжа, тэхнікумаў і вучылішчаў. На аснове экспазіцыі і фондавых калекцый праводзяцца ўрокі па гісторыі і этнаграфіі Беларусі, выяўленчым мастацтве.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г.