Юрый Мікалаевіч Стаднік нарадзіўся ў г. Нежын (Чарнігаўская вобласць, Украіна). Скончыў Кіеўскі дзяржаўны ўніверсітэт (1956). Пасля атрымання дыплома быў накіраваны па размеркаванні ў Беларускую геафізічную экспедыцыю трэста «Спецнафтагеафізіка». У 1961‒1963 гг. вучыўся ў аспірантуры Інстытута геалагічных навук АН БССР. У 1969 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Магнитотеллурические исследования в районах с солянокупольной тектоникой (на примере Припятской впадины)».
Юрый Мікалаевіч з’яўляецца аўтарам больш за 50 навуковых прац, прысвечаных асваенню зямных нетраў і прыродных рэсурсаў Беларусі. Сярод іх ‒ «Применение метода СДВ-радиокип в Белоруссии при поисках нефтяных залежей» (1981), «Геологическое строение и перспективы нефтегазоносности Городокско-Хатецкой ступени по данным электроразведочных исследований» (1990, у суаўтарстве) і інш. У 1958 г. ён узначаліў першую ў Беларусі рэдкаметальную геафізічную партыю. Дзякуючы яе дзейнасці на Мікашэвіцкім і Глушкавіцкім участках былі вызначаны контуры неглыбокага залягання крышталічнага фундамента для кар’ераў будаўнічага каменю, а на Жыткавіцкім ‒ контур радовішча берылію Дыябазавы. Затым Ю. М. Стаднік кіраваў сейсмічнымі даследаваннямі на Паўночна-Даманавіцкай і Коранеўскай плошчах Прыпяцкага прагіну, у выніку якіх былі выдзелены структуры з нафтавымі радовішчамі. У далейшым займаўся развіццём электраразведвальных метадаў на тэрыторыі Беларусі. Дзякуючы яму ў практыку вытворчых работ былі ўкаранёны наступныя метады: тэлурычных токаў, магнітатэлурычных зандзіраванняў, станаўлення электрамагнітнага поля ў бліжняй зоне, радыёхвалевага зандзіравання. Юрый Мікалаевіч працаваў у палявых электраразведвальных партыях Цэнтральнай геафізічнай экспедыцыі. У 1968 г. ён быў залічаны ў рэзерв экспертаў ААН па геафізічных метадах пошукаў і разведцы карысных выкапняў. У 1977‒1979 гг. працаваў галоўным геафізікам-кансультантам у Алжырскай Народна-Дэмакратычнай Рэспубліцы. Вучоны кіраваў і прымаў удзел у геафізічных даследаваннях Сахары, дзякуючы якім адкрыты значныя радовішчы прэсных вод (Абалеса і Тафасасет) і вальфраміту (Ціт-эн-Энір). Пасля вяртання ў Беларусь працягваў палявыя даследаванні. Дзякуючы яму была праведзена тэлурычная здымка вялікіх па плошчы тэрыторый (Мікашэвіцка-Жыткавіцкі выступ, захад Прыпяцкага прагіну, Паўночна-Прыпяцкае плячо, Гомельская структурная перамычка, Аршанская ўпадзіна). Вынікі гэтых даследаванняў ляглі ў аснову тэктанічных карт Беларусі і пошукаў новых радовішчаў карысных выкапняў, а таксама структур, перспектыўных для падземнага захоўвання газу на тэрыторыі Беларусі. З 1995 па 2003 г. Ю. М. Стаднік працаваў у Інстытуце геалагічных навук НАН Беларусі. Займаўся аналізам і абагульненнем электраразведвальных даследаванняў на тэрыторыі Беларусі. Ён склаў зводную карту сярэдняй напружанасці Е поля тэлурычных токаў Беларусі, праінтэрпрэтаваў даныя МТЗ па профілі Лоеў‒Усвяты, прыняў удзел у правядзенні міжнароднага праекта «EUROBRIDGE». За гады навуковай дзейнасці падрыхтаваў больш за 40 геафізічных справаздач.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.