Дата начала:
1720 Косава, г., Івацэвіцкі раён, Брэсцкая вобласць
Краткая справка:
дзяржаўная ўстанова культуры, састаўная частка Косаўскага палацава-паркавага асамбля, які ўваходзіць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Сёння тут размешчаны музей генерала Тадэвуша Касцюшкі – кіраўніка паўстання 1794 г.
Варианты названия:
Косаўскі сядзібны дом; Косаўскі сядзібны дом Касцюшкаў; Мемарыяльны музей-сядзіба імя Т. Касцюшкі; Музей-сядзіба Т. Касцюшкі
Названия на других языках:
Memorial Museum-Estate of Thaddeus Kosciuszko (английский); Memorial estate muzum named after Tadeusz Kostyushko (английский); Muzeum pamięci w posiadłości Tadeusza Kościuszki (польский); Коссовский усадебный дом (русский); Мемориальный музей Т. Костюшко (русский); Мемориальный музей-усадьба имени Тадеуша Костюшко (русский);
5111 символ
Справка
Невялікі фальварак Мерачоўшчына (у некаторых літаратурных крыніцах – Марачоўшчына) вядомы з ХVI ст. Некалі ўваходзіў у склад багатага комплексу Косаўскіх маёнткаў, зараз знаходзіцца ў межах г. Косава (Івацэвічскі раён, Брэсцкая вобласць). У 1730 г. землі фальварка, якія належалі Сапегам, узяў у арэнду бацька Т. Касцюшкі Людвік Тадэвуш Касцюшка, берасцейскі мечнік, палкоўнік булавы польнай войска Вялікага Княства Літоўскага. Прыкладна праз 10 гадоў стаў уладальнікам.
Дакладна невядома, пабудаваны сядзібны дом у Мерачоўшчыне Л. Касцюшкам ці ўзведзены значна раней (прыкладна ў 1720 г.) і здадзены ў арэнду разам з фальваркам. Паводле самай распаўсюджанай версіі гісторыкаў і біёграфаў (у аснове звесткі з метрычнай кнігі Косаўскага парафіяльнага касцёла), у гэтым доме 4 лютага 1746 г. (па іншых звестках – 12 лютага) нарадзіўся будучы генерал, кіраўнік нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 г., нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі Т. Касцюшка. У 1758 г. ён страціў бацьку, праз шэсць гадоў (у 1764 г.) сям'я пераехала ў радавы маёнтак, які знаходзіўся ў в. Малыя Сяхновічы Кобрынскага павета (зараз Жабінкаўскі раён Брэсцкай вобласці). У Мерачоўшчыну Т. Касцюшка ўжо больш ніколі не вяртаўся.
Вядома, што ў 1764 г. Ян Ежы Флемінг выкупіў Мерачоўшчыну ў маці Т. Касцюшкі – Тэклі Ратомскай – і пазней падарыў фальварак разам з Косава дачцэ Ізабеле, якая была замужам за князем Адамам Казімірам Чартарыйскім. Дачка Ізабелы – Соф'я – прадала косаўскія землі Войцеху Пуслоўскаму. У гэты час былы сядзібны дом Т. Касцюшкі знаходзіўся ў вельмі занядбаным стане. Аднавіць яго вырашыў сын В. Пуслоўскага Вандалін Пуслоўскі.
Пачатковы выгляд радавой сядзібы Т. Касцюшкі перадае малюнак, выкананы ў 1845 г. М. Кулешам. Мастак паказаў дом з боку пад'езда і ад парку, але захаваўся толькі малюнак з відам на цэнтральны фасад. Гэты малюнак быў упершыню прадстаўлены ў ілюстраваным альбоме «Зборы малюнкаў з натуры...» у 1852 г. На ім дом меў адзін паверх і вельмі высокі, характэрны для першай паловы ХVIII ст. двух'ярусны дах, накрыты саломай альбо чаротавай страхой, над якой узвышаліся два сіметрычна размешчаныя коміны. Перад галоўным уваходам – невялікі ганак з дахам і шчытком на чатырох слупах. Па абодва бакі ганка было па два акны. Сядзібу абкружаў старадаўні пейзажны парк.
Першая рэканструкцыя дома ў Мерачоўшчыне была завершана ў 1857 г. па праекце і пад кіраўніцтвам архітэктара М. Астрамецкага. Першапачатковы выгляд быў крыху зменены, але інтэр'еры пакояў адпавядалі стылю сядзібнага дома мясцовай шляхты ХVIII ст. Створаны мемарыяльны пакой Т. Касцюшкі.
У 1871 г. Н. Орда пакінуў у спадчыну малюнак адноўленай сядзібы на фоне ўзведзенага прадстаўнічага Косаўскага палаца. На гэтым малюнку будынак ужо быў акцэнтаваны значна большым порцікам, які далёка выступаў ад цэнтральнага фасада. Абкружаны з трох бакоў калонамі, порцік уяўляў сабой адкрытую летнюю веранду. На бакавых фасадах размяшчалася ўжо не па два, а па тры акны. Пра тое, як выглядаў дом, даюць уяўленне таксама фотаздымкі І. Шыманчыка – фатографа з Косава.
Чарговая рэстаўрацыя будынка была праведзена ў міжваенны перыяд польскімі ўладамі. У доме быў створаны музей Т. Касцюшкі, а ў пакоі, дзе паводле падання ён нарадзіўся, устаноўлена памятная дошка з датамі яго нараджэння і асноўнымі этапамі жыцця і дзейнасці.
У гады Другой сусветнай вайны дом Т. Касцюшкі быў знішчаны. У 1987 г. на яго месцы ўстаноўлены невялікі камень з надпісам на рускай мове, у 1996 г. – новы мемарыяльны камень. У 1999 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё бронзавай пліты Т. Касцюшку (мастак А. Пашкевіч). 4 снежня 2002 г. каардынацыйны савет Брэсцкага аблвыканкама па ахове матэрыяльнай і духоўнай спадчыны разгледзеў пытанне аб аднаўленні дома Т. Касцюшкі і стварэнні ў ім мемарыяльнага музея. 20 студзеня 2003 г. гэту прапанову падтрымаў аблвыканкам і прыняў адпаведнае рашэнне.
У чэрвені – ліпені 2003 г. пры правядзенні археалагічных раскопак пад кіраўніцтвам беларускага археолага В. Собаля былі адкапаны старадаўнія падмуркі, знойдзены рэшткі керамікі, шкла, жалезныя, скабяныя вырабы, некалькі манет. За 2003–2004 гг. па праекце рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Брэстрэстаўрацыяпраект» (навуковы кіраўнік У. Казакоў) за кошт дзяржаўных сродкаў і пры фінансавай падтрымцы ЗША быў узведзены дом Т. Касцюшкі. Ініцыятыва большасці мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю імя героя на малой радзіме, належыць Брэсцкаму міжраённаму грамадскаму гісторыка-культурнаму аб'яднанню імя Т. Касцюшкі.
У 2004 г. Мемарыяльны музей-сядзіба імя Т. Касцюшкі быў адкрыты для наведвальнікаў. Асноўную частку экспазіцыі складаюць узноўленыя памяшканні дома: сенцы, кухня, пакой маці, рабочы кабінет бацькі, гасціная і інш. Адначасова ішла рэканструкцыя былога паляўнічага дома, у якім зараз размяшчаюцца гасцінічныя нумары і працуе кафэ. Музей-сядзіба імя Т. Касцюшкі з'яўляецца часткай Косаўскага палацава-паркавага ансамбля. Штогод сядзіба набывае ўсё большую папулярнасць у айчынных і замежных турыстаў і гасцей.