Пётр Канстанцінавіч Паршын нарадзіўся ў Чалябінску, аднак усё яго творчае жыццё было звязана з Беларуссю. У 1965–1972 гг. будучы мастак вучыўся ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Яго настаўнікамі былі народны мастак І.В. Ахрэмчык і заслужаны дзеяч мастацтваў Н.М. Воранаў.
Пасля заканчэння інстытута П. Паршын застаўся ў Мінску і адразу ўключыўся ў культурнае жыццё сталіцы, прымаў удзел у мастацкіх выстаўках, займаўся афармленнем выставачных экспазіцый. Работы мастака выстаўляліся ў Германіі, Польшчы, Літве, Францыі, Швецыі і інш.
У сваёй творчасці П. Паршын абапіраўся на рэалістычныя традыцыі. Яго творы адрозніваюцца высокай кампазіцыйнай якасцю, бездакорнай культурай жывапіснага вырашэння, глыбокім разуменнем сутнасці жывапісу, здольнасцю перадаваць пачуцці проста і пераканаўча. Творчы дыяпазон мастака быў вельмі шырокім: ён плённа працаваў у станковым жывапісе ў жанрах партрэта, пейзажа, нацюрморта, стварыў шэраг сюжэтна-тэматычных карцін.
Паршын-пейзажыст дакладна ўмеў перадаць прыгажосць беларускай прыроды. Яго пейзажы вызначаюцца майстэрствам адлюстравання прасторы, паветра, свету, прасякнуты любоўю да беларускай зямлі. Радасныя і сумныя, напружаныя і задуменныя, бясконца паэтычныя карціны перадаюць і настрой аўтара, і адчуванне зменлівасці, выключнасці кожнага імгнення, і пераканаўчую матэрыяльнасць свету. У нацюрмортах жывапісца сканцэнтравана высокае майстэрства, філасофскі склад розуму, назіральнасць і абвостранае пачуццё прыгажосці. Мастак стварыў і шэраг партрэтаў-уражанняў, партрэтаў-біяграфій, ураўнаважаных і завершаных.
У кожнай з замалёвак і эцюдаў апрача адлюстравання рэчаіснасці зафіксавана прадуманая кампазіцыя, пластычная і каларыстычная, вобразнае рашэнне будучай карціны. За кошт абагульнення, адсутнасці дробных дэталяў маленькім камерным палотнам надаецца манументальнасць і панарамнасць. Работы мастака вабяць шчырасцю светаадчування. Кожны з твораў успрымаецца як частка гісторыі выяўленчага мастацтва. Карціны П. Паршына знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, галерэях Мінска, прыватных калекцыях.
Талент у спалучэнні з мастацкай адукацыяй і вялікім практычным вопытам дазволілі П. Паршыну стать цудоўным педагогам. Больш за чвэрць стагоддзя ён працаваў у Мінскай дзіцячай мастацкай школе № 1, пазней – на кафедры эстэтычнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка. Мастак выхаваў дзясяткі таленавітых творцаў, якія рэалізавалі сябе ў самых розных галінах мастацтва: кліпмейкера і рэжысёра У. Янкоўскага, карыкарытурыста і мультыплікатара М. Флёраву, архітэктара Н. Дарашкевіч і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г., актуалізаваны ў 2023 г.