Названия на других языках:
Могилёвский железнодорожный вокзал (русский);
1802 символа
Справка
Будаўніцтва чыгункі на беларускіх землях пачалося ў другой палове ХІХ ст. Некалькі раней (у 1840-я гг.) існавалі праекты пракладкі яе часткі праз Магілёў, аднак ніводны з іх не быў рэалізаваны. Толькі ў 1889 г. выйшаў Указ Мікалая ІІ аб вылучэнні тэрыторыі пад будаўніцтва чыгункі ад Віцебска да Жлобіна праз Магілёў. У 1902 г. праз паўднёва-заходнюю частку горада прайшла лінія чыгункі. Землі, што прылягалі да яе, забудоўваліся вельмі хутка: тут размяшчаліся склады і розныя прадпрыемствы металаапрацоўчага профілю, рабочыя кварталы.
Вакзал у Магілёве быў закладзены далёка за межамі горада. Яго планаванне прадугледжвала модны на той час архітэктурны праект у стылі позняга неакласіцызму: мураваны аднапавярховы будынак з двума невялікімі прыбудовамі па тарцах, дзе былі размешчаны кабінет, службовыя пакоі каменданта станцыі і буфет. У цэнтры галоўнага фасаду дамінуе васьмігранны вестыбюль, які пераходзіць у вялікі светавы барабан і завяршаецца чатырохграннай вежкай. Па абодва бакі ад вестыбюля размясціліся: зала чакання, пошта, тэлеграф, рэстаран, службовыя памяшканні і г. д. Будынак чыгуначнага вакзала быў уведзены ў 1902 г. адначасова з завяршэннем пракладкі лініі Орша–Жлобін. Урачыстае адкрыццё адбылося 24 студзеня.
Па волі гісторыі правінцыяльны і ціхі губернскі Магілёў стаў цэнтрам падзей Першай сусветнай вайны. Тут з 15 верасня 1915 г. па 26 лютага 1918 г. знаходзілася Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага ўзброеннымі сіламі Расіі, адкуль Мікалай ІІ кіраваў ваеннымі дзеяннямі.
У 2002 г. пасля рэканструкцыі прывакзальнай плошчы былі адноўлены галоўны будынак вакзала і ўсе дапаможныя пабудовы. Сёння Магілёўскі вакзал – буйны чыгуначны цэнтр міжнародных зносін.
Матэрыял падрыхтаваны Магілёўскай абласной бібліятэкай імя У.І. Леніна ў 2013 г.