Беларускі вучоны ў галіне афтальмалогіі Давід Веніямінавіч Кантар нарадзіўся ў мястэчку Новыя Жагоры Ковенскай губерні (цяпер Літва) у сям'і рамесніка. Скончыўшы ў 1914 г. Рыжскае прыватнае рэальнае вучылішча, ён паступіў на медыцынскі факультэт Бернскага ўніверсітэта. З 1920 г. загадваў медыка-санітарным аддзелам Галоўнага камітэта па эвакуацыі НКУС (Орша-Мінск). З 1922 па 1927 г. працаваў ардынатарам вочнага аддзялення 1-й савецкай бальніцы Мінска, урачом вочнага кабінета Цэнтральнага дзіцячага дыспансера ў Мінску. Адначасова з'яўляўся старшым інспектарам лячэбна-прафілактычнага аддзела Народнага камісарыята аховы здароўя БССР. У 1927–1931 гг. – галоўны урач, акуліст Камароўскай паліклінікі ў Мінску. Потым да 1936 г. загадваў аддзелам Цэнтральнай трахоматозной лячэбніцы Народнага камісарыята аховы здароўя БССР. Далейшая навуковая і працоўная дзейнасць Д.В. Кантара звязана з Мінскім медыцынскім інстытута, дзе ён спачатку быў асістэнтам кафедры вочных хвароб. Пасля абароны кандыдацкай дысертацыі на тэму «Плацентарная кровь и применение ее для целей переливания в акушерстве и гинекологии» ў 1937 г. яму прысуджана вучоная ступень кандыдата медыцынскіх навук. У 1940–1941 гг. быў дацэнтам кафедры вочных хвароб. У час Вялікай Айчыннай вайны Д.В. Кантар працаваў акулістам паліклінікі ў Сталінградзе, загадваў вочным аддзяленнем Дубанскай раённай бальніцы Башкірскай АССР, узначальваў вочнае аддзяленне эвакашпіталя 1-га Беларускага фронту. Пасля вайны стаў загадчыкам кафедры вочных хвароб Мінскага медыцынскага інстытута. Да 1968 г. з'яўляўся дацэнтам кафедры.
Навуковая дзейнасць Д.В. Кантара звязанна з вывучэннем праблем пералівання плацэнтарнай крыві, аператыўнай афтальмалогіі. Вучоным выканана больш за 40 навуковых прац, якія прысвечаны як тэарэтычным, так і практычным пытанням медыцыны. Яны адрозніваюцца сваёй фундаментальнасцю, глыбінёй думак па арганізацыі прафілактыкі шэрага захворванняў і паляпшэння іх кансерватыўнага і аператыўнага лячэння. Давід Веніямінавіч займаўся праблемамі хірургічнага лячэння ўскладненняў трахомы («Рациональные принципы, оперативного лечения трахоматозного заворота и трихиаза, классификация и критическая оценка наиболее употребительных операций заворота и трихиаза», 1940), распрацоўваў хірургічныя метады лячэння катаракты («К методике операции старческой и предстарческой катаракты», 1953). Вучоны прапанаваў арыгінальныя методыкі хірургічнага лячэння іншых захворванняў («К методике удаления цистицерка из стекловидного тела глаза» (1956), «К методике хирургического лечения сходящегося содружественного косоглазия высоких степеней в 30 и более градусов» (1957)). Таксама працаваў над пытаннямі вочнага траўматызму («Бытовой травматизм глаз», 1956), у тым ліку ў сельскагаспадарчай вытворчасці («Сельскохозяйственный травматизм глаз по данным глазной клиники Минского медицинского института» (1956), «Профилактика глазного травматизма в сельском хозяйстве» (1957)). Ён з'яўляецца аўтарам брашур «Прафілактыка вочнага траўматызму ў сельскай гаспадарцы» (1956), «Особенности зрения человеческого глаза и очки» (у суаўтарстве, 1968).
Шмат увагі Д.В. Кантар удзяляў арганізацыі аховы здароўя. У 1930–1941 гг. быў кансультантам Народнага камісарыята аховы здароўя БССР па пытаннях арганізацыі барацьбы з трахомой, з 1955 г. з'яўляўся вучоным сакратаром праўлення Рэспубліканскага навуковага таварыства афтальмолагаў БССР, з 1956 г. – членам праўлення Усесаюзнага навуковага таварыства афтальмолагаў. Вучоны ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі, значком «Выдатнік аховы здароўя», ганаровымі граматамі. Яму прысвоена званне заслужанага ўрача Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.