мКацярына Дзмітрыеўна Варанько нарадзілася ў в. Казловічы Слуцкага раёна Мінскай вобласці ў мнагадзетнай сялянскай сям’і. Пасля заканчэння Казловіцкай сярэдняй школы (1965) працавала загадчыцай Балотчыцкай сельскай бібліятэкі Слуцкага раённага аддзела культуры. У 1966 г. паступіла на завочнае аддзяленне бібліятэчнага факультэта Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага, праз год была пераведзена на другі курс дзённага аддзялення.
У 1970 г. з адзнакай скончыла інстытут па спецыяльнасці «бібліятэказнаўства і бібліяграфія», атрымала кваліфікацыю бібліятэкара-бібліёграфа і была размеркавана ў Дзяржаўную бібліятэку БССР імя У.І. Леніна. Са жніўня гэтага ж года пачала працаваць у Кніжнай палаце БССР, якая ў той час з’яўлялася адным з падраздзяленняў бібліятэкі.
Да 1978 г. займалася апрацоўкай абавязковага бясплатнага экзэмпляра выдавецкай прадукцыі, складала і рэдагавала бібліяграфічныя паказальнікі «Летапіс часопісных артыкулаў», «Летапіс газетных артыкулаў» і «Летапіс рэцэнзій» – састаўныя часткі штомесячнага дзяржаўнага бібліяграфічнага паказальніка «Летапіс друку БССР». Прафесіяналізм і дасканалыя веды дапамаглі ёй праз пэўны час заняць пасаду старшага рэдактара.
У жніўні 1978 г. К.Д. Варанько стала працаваць у аддзеле рэкамендацыйнай бібліяграфіі Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна (цяпер навукова-даследчы аддзел бібліяграфіі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі). З 1986 па 1989 г. была загадчыцай сектара, з 1989 па 2006 г. – галоўным бібліёграфам. Больш за 40 гадоў займаецца стварэннем і рэдагаваннем тэматычных дадаткаў і дадаткаў «Даты беларускага календара» да штомесячнага бібліяграфічнага бюлетэня «Новыя кнігі: па старонках беларускага друку», які выдаецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі з 1960 г. Акрамя апрацоўкі матэрыялаў бібліёграфаў НББ рэдагавала тэматычныя дадаткі, падрыхтаваныя спецыялістамі Навукова-педагагічнай і Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэк. З’яўляецца таксама рэдактарам пашыраных даведак для анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях». Ажыццяўляла навуковыя даследаванні ў галіне бібліяграфіі («Результаты изучения обеспеченности библиотек республики рекомендательными библиографическими пособиями» (1988)), вяла каардынацыйную работу па бібліяграфічнай дзейнасці бібліятэк рэспублікі («Издание рекомендательных библиографических пособий, 1986–1990 гг.» (1992), «Тэматычны план выдання бібліяграфічных паказальнікаў навуковымі бібліятэкамі Беларусі і Нацыянальнай кніжнай палатай Беларусі» (1991–2004), «Інфармацыйная прадукцыя навуковых бібліятэк і Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі» (2006–2009)), падрыхтавала рэкамендацыйны паказальнік «Советский этикет» (1980), рэдагавала бібліяграфічныя паказальнікі «Беларуская мова, літаратура, мастацтва» (1995–2003), «Знамянальныя і памятныя даты сусветнага календара» (1994–2003), «Дзіцячая літаратура Беларусі, 1996–2000» (2007), электронны рэсурс «Беларускі каляндар, 2006 год» (2005) і інш.
Кацярына Дзмітрыеўна – адна са складальнікаў фотаальбомаў (2006, 2009) і электронных выданняў (2006, 2008) пра Нацыянальную бібліятэку Беларусі, якія знаёмяць з асноўнымі этапамі гісторыі НББ, расказваюць пра ўзвядзенне новага будынка бібліятэкі, змяшчаюць дакладныя і падрабязныя звесткі пра яго асноўныя параметры, тэхнічныя і тэхналагічныя магчымасці, мастацка-дэкаратыўнае аздабленне. Яна аўтар каля 300 публікацый, у тым ліку біябібліяграфічных артыкулаў пра знакамітых дзеячаў беларускай і сусветнай навукі, культуры, літаратуры і інфармацый пра матэрыялы, надрукаваныя ў бюлетэні «Новыя кнігі…».
У 2020 г. па матывах бюлетэня «Новыя кнігі: па старонках беларускага друку» і ў сувязі з 60-годдзем выхаду першага нумара супрацоўнікі навукова-даследчага аддзела бібліяграфіі падрыхтавалі навукова-папулярнае выданне «Беларусь вачыма бібліёграфа». Кніга створана на аснове матэрыялаў, адрэдагаваных К.Д. Варанько і змешчаных на старонках бюлетэня за апошнія 30 гадоў. У лютым 2021 г. гэта выданне было адзначана Дыпломам першай ступені LX Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі».
За адказнае стаўленне да працы К.Д. Варанько ўзнагароджана Ганаровай граматай Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна (1982), Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (2002), Ганаровай граматай Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (2007), Граматай Беларускага фонду культуры (2012), адзначана Падзякай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2020). У 2010 г. стала пераможцам конкурсу прафесійнага майстэрства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі «Лепшы па прафесіі» ў намінацыі «За вернасць і адданасць прафесіі».
Больш за паўстагоддзя прысвяціла Кацярына Дзмітрыеўна бібліятэчнай справе. Сёння займае пасаду вядучага бібліёграфа сектара фарміравання інфармацыйнай прадукцыі навукова-даследчага аддзела бібліяграфіі, з’яўляецца высокакваліфікаваным і аўтарытэтным спецыялістам, добрым і мудрым настаўнікам моладзі.
Шчасліва склаўся і жаночы лёс К.Д. Варанько: са сваім мужам – Анатолем Іосіфавічам Варанько – яна вучылася на бібліятэчным факультэце педагагічнага інстытута. З 1977 г. А.І. Варанько на працягу 28 гадоў узначальваў Нацыянальную кніжную палату Беларусі. Бібліятэчнай справе прысвяціў сябе малодшы сын – Дзяніс Анатолевіч Варанько. Ён кіруе адным з сектараў аддзела галерэйна-выставачнай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г.