Дата начала: 06.08.1517
Названия на других языках: Белорусское книгопечатание (русский);
У культурнай спадчыне кожнага народа кніга заўсёды займала адметнае месца. Ва ўсе часы яна была і застаецца крыніцай ведаў, сродкам асветы, выхавання, пазнання навакольнага свету, сувяззю паміж мінулым і сучасным. Галоўным дасягненнем эпохі Адраджэння стала з'яўленне друкаванай кнігі, якая паўплывала на нацыянальную свядомасць народаў, адкрыла новую старонку ў развіцці адукацыі, літаратурнай мовы, мастацтва, далучыла да скарбаў сусветнай цывілізацыі і культуры.
Гісторыя кнігадрукавання непарыўна звязана з узнікненнем пісьменнасці і характарам яе далейшага развіцця. Для абазначэння розных падзей і захавання іх у памяці людзі ў старажытнасці высякалі нарэзкі на камянях, рабілі малюнкі на кары і гліняных плітках. Пазней у якасці пісчага матэрыялу выкарыстоўвалі драўляныя дошчачкі, тканіну, папірус, бяросту, бамбук, шоўк, пальмавыя лісты, пазней паперу (вынайдзена ў II ст. у Кітаі). Пісьменнасць на беларускіх землях узнікла прыкладна ў Х ст. Самым старажытным помнікам лічыцца надпіс на пячатцы полацкага князя Ізяслава (Х ст.), больш познім – Барысавы камяні (ХІІ ст.). Асноўным сродкам фіксавання і распаўсюджвання інфармацыі да вынаходніцтва кнігадрукавання былі рукапісныя кнігі. На тэрыторыі Беларусі яны з'явіліся ў Х ст. разам з хрысціянствам і ствараліся пры манастырах і цэрквах, а пазней пры княжацкіх дварах. Найбольш вядомыя рукапісныя кнігі, знойдзенныя на беларускіх землях, – Супрасльскі рукапіс і Тураўскае Евангелле (ХІ ст.), Полацкае Евангелле (2-я палова ХІІ – пачатак ХІІІ ст.). Кніжная рукапісная культура дасягнула росквіту ў час дзейнасці вядомых асветнікаў ХІІ ст. Е. Полацкай і К. Тураўскага. Шырокае распаўсюджванне атрымала ў 2-й палове XIV ст. у Вялікім Княстве Літоўскім (ВКЛ), калі беларуская мова стала дзяржаўнай.
На працягу многіх гадоў людзі шукалі спосабы друкавання кніг. Самым раннім метадам механічнага ўзнаўлення тэксту і ілюстрацый стала ксілаграфія – атрыманне адбіткаў з цэльнай гравіраванай драўлянай формы. Найбольш старажытны тэкст, надрукаваны ксілаграфічным спосабам, з'явіўся каля 751 г. у Карэі. Першае дакладна датаванае выданне з цэльных гравіраваных форм – будыйская «Алмазная сутра» – выйшла 11 мая 868 г. у Кітаі. У Еўропе падобныя выданні з'явіліся прыкладна ў 1430 г. У Кітаі каля 1041–1048 гг. былі зроблены таксама спробы стварэння кніг з выкарыстаннем наборнага шрыфту з абпаленай гліны (вынаходца Бі Шэн). З XIII ст. там пачалі друкаваць выкарыстоўваючы драўляныя наборныя элементы, у Карэі – металічныя (з 1234 г.). Вынаходнікам кнігадрукавання з дапамогай наборнага шрыфту ў Еўропе стаў нямецкі друкар І. Гутэнберг, які ў 1457 г. разам з П. Шоферам выдаў у Майнцы «Псалтыр», дзе ўпершыню з'явіліся шматколерныя адбіткі. У хуткім часе кнігі сталі выдаваць у Італіі, Швейцарыі, Францыі, Венгрыі, Іспаніі, Англіі і іншых краінах. Славянскае кнігадрукаванне ўпершыню з'явілася ў Чэхіі (каля 1468 г. на чэшскай мове выйшла кніга «Траянская хроніка»). Кнігадрукаванне кірылічным шрыфтам пачалося ў Кракаве ў 1491 г., калі Ш. Фіёль выдаў «Актоіх» і «Часаслоў». У канцы XV ст. друкарні існавалі ўжо ў 260 гарадах Еўропы, дзе было выдадзена каля 40 тыс. кніг агульным тыражом больш за 10 млн экз. З'яўленне друкаванай кнігі ў 1-й чвэрці XVI ст. на ўсходнеславянскіх землях звязана з дзейнасцю славутага палачаніна, асветніка-гуманіста, пісьменніка Ф. Скарыны. 6 жніўня 1517 г. ён выдаў у Празе на «Псалтыр» – сваю першую кнігу на царкоўнаславянскай мове ў беларускай рэдакцыі. Заснавальнікам кнігадрукавання ў Расіі і на Украіне лічыцца І. Фёдараў, які ў 1564 г. разам з П. Мсціслаўцам выпусціў у Маскве кнігу «Апостал»і ў канцы 1572 – пачатку 1573 г. заснаваў у Львове друкарню. Вялікі ўплыў на распаўсюджванне і развіццё кнігадрукавання аказалі буйныя выдавецкія прадпрыемствы Эльзевіраў, Альда Мануцыя, Плантэнаў і іншыя, што пачалі ўзнікаць у XVI ст.
Дзякуючы шырокім гандлёвым, культурным і палітычным сувязям, з канца XV ст. еўрапейскія друкаваныя выданні былі вядомы і на беларускіх землях. Іх завозілі з Польшчы, Усходняй Прусіі, Маскоўскай Русі, Украіны. У кнігах мелі патрэбу феадалы, кіруючыя колы, духавенства, гарадское насельніцтва. Неабходнасць стварэння ў сталіцы ВКЛ друкарні ўсведамлялі ўжо ў першай чвэрці XVI ст. Яшчэ да прыняцця Першага Статута Вялікага Княства Літоўскага 1529 г., на Віленскім сейме 6 снежня 1522 г. вялікі князь ВКЛ і кароль польскі Жыгімонт І Стары абяцаў выдаць яго бітымі літарамі. Рэалізаваць гэта не ўдалося, аднак першая друкарня ў Вільні была створана менавіта ў гэтым годзе, і яе заснавальнікам стаў Ф. Скарына, які адным з першых зразумеў вялікую гістарычную ролю друкаванай кнігі як крыніцы ведаў і асветы, сродку культурнага і навуковага прагрэсу. У 2-й палове XVI ст. у сувязі з развіццём феадальных і грамадскіх адносін, пашырэннем Рэфармацыі і абвастрэннем царкоўна-рэлігійнай барацьбы, рэалізацыяй палітычных планаў, у тым ліку уніі з Польшчай попыт на кнігі ў ВКЛ рэзка павялічыўся. У гэты час кнігадрукаванне развівалася дзякуючы дзейнасці некаторых прыватных, пратэстанцкіх, а таксама праваслаўных друкарняў, якія існавалі не толькі ў сталіцы княства і буйных гарадах, але і ў прыватных маёнтках, пры манастырах. З XVII ст. інтэнсіўнае развіццё атрымала ўніяцкае кнігадрукаванне, пашырылася таксама выданне кніг лацінскім шрыфтам. У 2-й палове XVIII ст. на тэрыторыі Беларусі з'явіліся выдавецтвы, якія мелі рысы дзяржаўных прадпрыемстваў – Магілёўская прыдворная і Гродзенская каралеўская друкарні. Пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) і далучэння беларускіх зямель да Расійскай Імперыі ў айчынным кнігадрукаванні ў канцы XVIII ст. вызначыўся новы напрамак – выданне кірылічных кніг грамадзянскага шрыфту. Яны выходзілі ў мясцовых друкарнях у Вільні, Гродне, Полацку, Магілёве.
Асаблівасцю беларускага кнігадрукавання ў XVI–XVIII стст. быў шматмоўны і шматканфесійны характар. Выпускаліся кнігі на старабеларускай, царкоўнаславянскай, польскай, лацінскай, французскай, нямецкай і іншых мовах кірылічным і лацінскім шрыфтамі. Яны адлюстроўвалі ўсе бакі жыцця беларускага народа, аказвалі значны ўплыў на станаўленне і развіццё нацыянальнай культуры, вызначаліся выключнай разнастайнасцю – тэматычнай і жанравай. Друкаваліся выданні Бібліі, тэалагічная і палемічная літаратура, кнігі па гісторыі, статуты ВКЛ, канстытуцыі сеймаў, зборнікі прававых актаў і творы выдатных дзеячаў еўрапейскага Адраджэння, пераклады сучасных і старажытных аўтараў, навуковая і вучэбная літаратура і інш. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі захоўваецца самы вялікі ў нашай краіне збор беларускіх старадрукаваных выданняў, выпушчаных у XVI–XVIII стст. Яны з'яўляюцца яркім сведчаннем высокага развіцця айчыннай культуры і каштоўнай крыніцай для даследавання нашага мінулага.
У 2017 г. у Беларусі і многіх краінах свету адзначаецца знамянальная дата – 500-годдзе беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання (ўключана ў каляндар знамянальных і памятных дат ЮНЕСКА). Рэспубліканскі арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы і правядзенні святкавання распрацаваў комплексную праграму розных юбілейных мерапрыемстваў: адбудуцца міжнародныя выстаўкі, круглыя сталы, навуковыя і навукова-практычныя канферэнцыі, сімпозіумы, фестывалі, прэзентацыі і інш. Нацыянальная бібліятэка Беларусі рыхтуе міжнародны кангрэс «500 год беларускага кнігадрукавання», міжнародны выставачны праект «Францыск Скарына і яго эпоха». У 2017 г. будзе завершаны міжнародны навуковы і выдавецкі праект «Кніжная спадчына Францыска Скарыны». Яго асновай з'яўляюцца электронныя копіі кніг першадрукара, што захоўваюцца ў бібліятэках і музеях Беларусі, Расіі, Украіны і іншых краін. Факсімільнае ўзнаўленне выданняў Ф. Скарыны, падрыхтаванае Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з Белзнешэканомбанкам, з максімальнай паўнатой адлюстроўвае ўсе асаблівасці арыгіналаў. Для лепшага разумення сутнасці і значэння спадчыны Скарыны кожная кніга суправаджаецца навуковым каментарыем, а таксама перакладам прадмовы і пасляслоўя на беларускай, рускай і англійскай мовах.
З выхаду першай беларускай кнігі прайшло пяць стагоддзяў. Змяніліся форма выданняў, іх знешні выгляд, з'явіліся электронныя варыянты, і толькі сутнасць кнігі як носьбіта інфармацыі засталася нязменнай. Паслядоўнікі Ф. Скарыны высока ўзнялі кніжную справу Беларусі, і сёння кнігадрукаванне нашай краіны дасягнула значных поспехаў. Беларускую кнігу ведаюць у свеце. Традыцыйным стаў удзел айчынных выдаўцоў на міжнародных кніжных кірмашах, якія праходзяць у Маскве, Варшаве, Франкфурце. Узровень беларускага кнігавыдання дазволіў заснаваць Мінскі міжнародны штогадовы кніжны кірмаш. Сталіца Беларусі ўпэўнена імкнецца да набыцця статусу кніжнай сталіцы, і нашчадкі Ф. Скарыны плённай працай сцвярджаюць сваё права быць прадаўжальнікамі духоўнага подзвігу вялікага славянскага першадрукара.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г.