Сярод акцёраў Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра В. Галец вылучаецца яркай індывідуальнасцю, унутранай засяроджанасцю, прафесійнай самаадданасцю. Ён – выканаўца пераважна камедыйных і адмоўных роляў, стваральнік галерэі партрэтаў дзівакоў і абаронца “маленькага чалавека” – пакрыўджанага, зняважанага, нікчэмнага.
Сцэнічная дзейнасць В. Гальца пачалася ў 1975 г. у Бабруйску ў Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя В. Дуніна-Марцінкевіча, куды малады акцёр трапіў пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Ужо першыя яго ролі ў спектаклях “І змоўклі птушкі” І. Шамякіна, “Ярасць” Я. Яноўскага, “Трыбунал” А. Макаёнка і іншыя выразна раскрылі творчую індывідуальнасць, прынеслі вядомасць. У пачатку 1980-х гг. акцёрскі лёс В. Гальца быў звязаны з Тбіліскім рускім тэатрам юнага гледача – адным з першых дзіцячых тэатраў Закаўказзя. У канцы снежня 1985 г. ён пачаў працаваць у Магілёўскім абласным драматычным тэатры, на сцэне якога стварыў цэлую галерэю розных вобразаў. Сярод іх вылучаюцца: Намеснік міністра (“Мудрамер” М. Матукоўскага), Мёбіус (“Дзялок” А. Талстога), унтэр Прышыбееў (“Антрапас” паводле А. Чэхава). Адметнымі ў выкананні В. Гальца сталі вобразы Юбэра (“Неразумны Журдэн” М. Булгакава), Філосафа (“Я твая нявеста” В. Астаф’ева), Лапушынскага (“Успамін пра Вавілон” А. Паповай), Філча (“Трохграшовая опера” Б. Брэхта), Званцава (“Канец свету” паводле твораў М. Горкага), Герцага, Моцарта (“Маленькія трагедыі” паводле А. Пушкіна), Расплюева (“Смерць Тарэлкіна” А. Сухаво-Кабылiна) і інш. Акцёр часта іграе ў дзіцячых п’есах. Вялікім поспехам у маленькага гледача карыстаюцца спектаклі: “Малыш і Карлсан” паводле А. Ліндгрэн, “Чараўнік ізумруднага горада” паводле А. Волкава, “Кот у ботах” С. Пракоф'евай і Г. Сапгіра, у якіх В. Галец выконваў ролі Карлсана, Страшыдлы, Ката. Яго ігра ва ўсіх спектаклях вылучаецца выразнымі сцэнічнымі фарбамі, дакладнасцю, тонкай псіхалагічнай прарысоўкай характараў, кідкай маляўнічасцю абрысаў. Акцёр шмат працуе над кожнай роллю і лічыць, што тэатр – такая ж навука як фізіка або матэматыка, толькі пра чалавечыя паводзіны і адносіны паміж людзьмі. Ён любіць размаўляць з публікай, таму часта іграе ў монаспектаклях, дзе сваімі партнёрамі робіць гледачоў. Даволі плённа В. Галец працуе і як тэатральны рэжысёр. Ён паставіў некалькі музычнай спектакляў для дарослых і дзяцей – “Пра тых, хто баіцца” М. Барценева, “Шматкі па закуточках” Р. Остэра, “Знікненне прынцэсы” Л. Цітовай і А. Стараторжскага. Імя артыста добра вядома аматарам кіно. Ён здымаўся ў серыялах “Цёмны бок месяца” (2012) і “Следчы Пратасаў” (2013).
Высокі прафесіяналізм і плённая праца В. Гальца адзначаны шматлікімі дыпломамі і прызамі на многіх міжнародных фестывалях (у Літве, Расіі, на Украіне). У 2007 г. ён быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, у 2014 г. атрымаў ганаровае званне “Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь”.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.