Уладзімір Мікалаевіч Юрэнеў паходзіў з Каломенска-Велікалуцкай галіны старажытнага шляхецкага рода Юрэневых, заснавальнік якога – Андрэяш (Андрэй) Юранеўскі с сынамі ў сярэдзіне ХIV ст. перабраўся з Вялікага Княства Літоўскага ў Расію.
Бацька Уладзіміра Мікалаевіча, Мікалай Мікалаевіч Юрэнеў (1842–1902), быў юрыстам, кіраўніком Віцебскага аддзялення Дзяржаўнага банка, з’яўляўся ганаровым міравым суддзёй Велікалуцкага павета Пскоўскай губерні. Маці – італьянская графіня Караліна-Ізабэла Раселі (у праваслаўі Алена). У сям’і нарадзілася чацвёра сыноў: Мікалай, Уладзімір, Георгій, Сяргей і дачка Вольга. Браты Юрэневы атрымалі добрую адукацыю: скончылі Віцебскую гімназію, вучыліся на юрыдычным факультэце Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта.
Пасля заканчэння ўніверсітэта Уладзімір Юрэнеў жыў у Віцебску, служыў у гарадскім судзе, у 1913–1917 гг. быў міравым суддзёй у Бачэйкаве, Бешанковічах, Чашніках і Уле. Шмат часу прысвячаў грамадскаму жыццю: з’яўляўся членам Віцебскага губернскага статыстычнага камітэта і Віцебскай вучонай архіўнай камісіі з часу яе стварэння (1909), уваходзіў у праўленне і на грамадскіх пачатках загадваў архівам, бібліятэкай і музеем. Быў членам Пскоўскай, Курскай і Тульскай архіўных камісій, наведваў маскоўскі Гурток абаронцаў Айчынннай вайны 1812 года, быў членам-супрацоўнікам Пскоўскоага археалагічнага таварыства і Гістарычнага расійскага таварыства ў Маскве. Работы В.М. Юрэнева друкаваліся ў часопісе «Старые годы», у зборніку «Труды Псковской учёной архивной комиссии».
У сям’і Юрэневых захапляліся паэзіяй і музыкай. З цягам часу і Уладзімір стаў пісаць вершы. У 1910 г. у Віцебску быў надрукаваны зборнік вершаў «Струны», у якім было надрукавана больш за сорак твораў В.М. Юрэнева. У наступным годзе падборка вершаў маладога паэта ўвайшла ў зборнік «Волна» (Санкт-Пецярбург).
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі В.М. Юрэнеў выкладаў генеалогію і геральдыку ў Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археалагічнага інстытута. У 1918–1922 гг. культурнае жыццё Віцебска перажывала перыяд росквіту, які атрымаў назву Віцебскі рэнесанс, і знаходзілася ў авангардзе сусветнага мастацтва. Тут жылі і працавалі М. Шагал, К. Малевіч, М. Бахцін, І. Салярцінскі, Ю. Пэн і інш. У гэты ж час у горадзе дзейнічалі: Тэатр рэвалюцыйнай сатыры (Віцебскі тэрэўсат), Першае вышэйшае мастацкае вучылішча, Музей сучаснага мастацтва, Народная кансерваторыя. В.М. Юрэнеў прымаў самы актыўны ўдзел у грамадскім і культурным жыцці: пісаў вершы, артыкулы і нататкі.
У канцы 1919 – пачатку 1920 г. Уладзімір Мікалаевіч з жонкай і двума дзецьмі пераехаў з Віцебска у Цвер. Тут як і ў Віцебску было шмат прыезджых паэтаў і мастакоў. Уладзімір Юрэнеў служыў юрысконсультам ва ўстановах кааперацыі, адначасова займаўся літаратурнай працай і стаў адным з аўтараў «Тверского сборника». У невялікі паэтычны зборнік увайшлі вершы В.М. Юрэнева «Беженцы», «Субъективности», «Спрут», «Забытый Светоч», «Моя печаль тревожная», «На канале», «Синие песни печали моей», «Осень», «Е.Н.Ю.», «Маленькая песенка», «Моя невеста неземная», «Престолы красоты».
У 1920 г. у Цвяры былі створаны Таварыства вывучэння Цвярскога краю, Літаратурна-мастацкае таварыства імя І.С. Нікіціна, Свабодныя дзяржаўныя мастацкія майстэрні. В.М. Юрэнеў прымаў самы актыўны ўдзел у рабоце гэтых таварыстваў, быў членам праўлення двух з іх. Найбольш актыўна вялася работа ў Літаратурна-мастацкім таварыстве: кожную сераду ладзіліся літаратурныя святы, дыспуты, паэтычныя вечары, выдаваўся альманах «Зарницы», газета «Кооперативное дело», друкаваліся вершаваныя зборнікі паэтаў-нікіцінцаў: М. Дударава, Я. Шарова, М. Уласава-Окскага і інш. Не быў абойдзены ўвагай і Уладзімір Юрэнеў: у 1923 г. была апублікавана кніга яго вершаў «Медуница», вершаваная падборка ўвайшла ў паэтычны зборнік «Среды».
Актыўная культурна-грамадская праца, дружба і знаёмства з С.А. Ясеніным, А.А. Карынфскім сталі падставай для закрыцця Літаратурна-мастацкага таварыства імя І.С. Нікіціна і арышту Уладзіміра Юрэнева. У кастрычніку 1929 г. ён быў арыштаваны і незаконна асуджаны. Слабае здароўе і хранічныя хваробы прывялі да скорай гібелі паэта ў лютым-сакавіку 1930 г. Яго сын Мікалай загінуў у 1942 г., дачка Вольга памерла ў 1992 г.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г.