Адзін з першых рускіх лётчыкаў Рыгор Віктаравіч Піятроўскі нарадзіўся ў сям’і Віктара і Лідзіі Піятроўскіх. Бацька Рыгора, Віктар Іосіфавіч, скончыў Санкт-Пецярбургскі інстытут грамадзянскіх інжынераў і ў 1880-х гг. з’яўляўся галоўным архітэктарам Віцебска. Маці, Лідзія Хрысціянаўна, належала да вядомага шляхецкага роду Плюшчэўскіх-Плюшчыкаў.
Дзіцячыя гады Рыгора Піятроўскага прайшлі ў Міхалове – маёнтку бацькоў Віцебскай губерні, дзе хлопчык атрымаў пачатковую адукацыю. Праца бацькі была звязана з пераездамі, таму хлопчык паспеў павучыцца ў гімназіях Віцебска, Наварасійска, Санкт-Пецярбурга і Ціфліса (цяпер Тбілісі). У 1899 г. Рыгор Піятроўскі становіцца студэнтам юрыдычнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта.
Пасля заканчэння ўніверсітэта малады Піятроўскі вырашыў прысвяціць сябе ваенна-марскому флоту: ён прыязджае ў Санкт-Пецярбург, дзе становіцца юнкерам 18-ага флотскага экіпажа Балтыйскага флота. У 1904 г. на вучэбным парусным судне Рыгор Піятроўскі адпраўляецца ў кругасветнае плаванне, аднак звесткі аб пачатку руска-японскай вайны прымусілі экіпаж вярнуцца на Радзіму. З цягам часу Р.В. Піятроўскі атрымаў чын мічмана і працягваў службу на Балтыцы. Увосень 1905 г. у Кранштаце пачалося рэвалюцыйнае паўстанне матросаў і артылерыстаў. Пасля яго падаўлення больш за пяцьсот яго ўдзельнікаў прадсталі перад судом. Мічман Піятроўскі выступаў у якасці абаронцы і ў немалой ступені спрыяў змягчэнню прысудаў.
У 1908 г. Рыгор Піятроўскі падаў у адстаўку, купіў прамысловую шхуну «Вікінг» і зрабіў некалькі паходаў для вывучэння рыбных і прыродных скарбаў Арктыкі. У 1909 г. у чыне лейтэнанта ён вярнуўся на ваенную службу і быў залічаны ў экіпаж крэйсера «Алмаз». Летам гэтага ж года свет даведаўся пра сенсацыйны пералёт праз Ла-Манш французскага інжынера-авіятара Луі Блерыо і Рыгор Піятроўскі «захварэў» авіяцыяй.
У той час у Францыі дзейнічала некалькі прыватных авіяцыйных школ. Вясной 1910 г. лейтэнант Піятроўскі ў ліку сямі афіцэраў-добраахвотнікаў прыбыў у французскі горад По і прыступіў да заняткаў. На жаль, урокі пілатавання былі кароткачасовымі і рэдкімі, што не давала магчымасці хутка авалодаць неабходнымі навыкамі. Рыгор Віктаравіч пачаў задумвацца аб спыненні заняткаў, аднак пасля наведвання авіяцыйнага тыдня ў Рэймсе вярнуўся да іх і ўвосень 1910 г. атрымаў дыплом лётчыка.
Пасля вяртання ў Расію Р. Піятроўскі стаў інструктарам авіяцыйнай школы Паветранага флоту. 24 верасня адбыўся першы палёт лётчыка Піятроўскага на Радзіме, праз 10 дзён на двухмесным гоначным апараце «Блерыо-11» быў здзейснены пералёт з Пецярбурга ў Кранштат над морам, першы ў Расіі міжгародні пералёт. Пілот набыў сусветную вядомасць: віншаванні ляцелі з усіх куткоў Расійскай Імперыі, з Францыі і Англіі, былі надрукаваныя паштовыя карткі з выявай Рыгора Піятроўскага і яго самалёта, шматлікія газеты (у т.л. «Петербургская газета», «Витебские губернские ведомости») прысвяцілі герою некалькі артыкулаў з апісаннем падрабязнасцей гэтай падзеі.
У канцы кастрычніка 1910 г. авіятара Піятроўскага сустракаў Віцебск. Па запрашэнні Віцебскай вучонай архіўнай камісіі ім была прачытана публічная лекцыя «Завоевание воздуха», у якой авіятар расказаў аб асноўных вехах асваення паветранай прасторы, аб уласным вопыце авалодвання аэрапланам, аб асноўных праблемах, якія прыпыняюць развіццё авіяцыі. Лекцыя мела поспех, і яе тэкст быў апублікаваны ў перыядычным друку, а праз некаторы час выданы асобнай брашурай Віцебскай вучонай архіўнай камісіяй. Пазней тэкст выступлення быў перапрацаваны: аўтар дадаў ілюстрацыі, чарцяжы лятальных апаратаў, партрэты вынаходнікаў і канструктараў; распавёў аб гісторыі стварэння першых лятальных апаратаў: гелікаптэраў, арнітаптэраў, планёраў; лятальных апаратах, лягчэйшых за паветра: паветраных шарах і аэрастатах; вынаходстве і стварэнні першых аэрапланаў. У артыкуле былі прыведзены імёны асоб, якія ўнеслі неацэнны ўклад у авіяцыю: Леанарда да Вінчы, Актава Шанюта, Ота Ліліенталя, Гарацыа Філіпса, братоў Райт, Луі Блерыо, Жака Гарнерэна, братоў Мангальф’е і інш. Работа была апублікавана пад назвай «Две основные идеи покорения воздуха».
Зімой 1910-1911 гг. Рыгор Піятроўскі з’яўляўся інструктарам школы марской авіяцыі ў Севастопалі. Тут ён упершыню праводзіў выпрабавальныя палёты самалётаў, аснашчаных лыжамі. Вынік гэтай работы падвёў сам Р.В. Піятроўскі, калі надрукаваў у 1911 г. артыкул «Аэропланы на лыжах». Інструктар Піятроўскі вывучаў развіццё авіяцыі ў Францыі, Германіі і Аўстрыі, у 1913-1914 гг. быў спецыялістам па авіяцыі Генеральнага марскога штаба, экспертам па пытаннях патэнтаў на вынаходніцтвы ў галіне авіяцыі ў Міністэрстве прамысловасці і гандлю, друкаваўся ў перыядычным друку, выступаў з публічнымі лекцыямі, падрыхтаваў кнігу «Гидроавиация» (1913).
У гады Першай сусветнай вайны Рыгор Віктаравіч Піятроўскі служыў пад камандаваннем адмірала Міхаіла Міхайлавіча Вясёлкіна, знаходзіўся ў камандзіроўцы ў Вялікабрытаніі і ЗША, дзе займаўся пытаннямі арганізацыі марской авіяцыі. Акрамя выканання службовых абавязкаў, ён працягваў сваю навукова-тэарэтычную дзейнасць: «Морской сборник» № 6 за 1916 г. змясціў артыкул Рыгора Піятроўскага «Авиация в Америке», які ўтрымліваў глыбокі аналіз стану авіяцыйнай справы ў гэтай краіне.
Пасля Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі Р.В. Піятроўскі працаваў у замежных польскіх арганізацыях Амерыкі, у 1919 г. стаў афіцэрам Войска Польскага: служыў у Дэпартаменце марскіх спраў Ваеннага міністэрства. Пасля дэмабілізацыі ў 1921 г. ў чыне палкоўніка займаўся пытаннямі імпарту і гандлю ў ЗША і Польшчы, вывучаў праблемы марскога рыбалоўства, напісаў некалькі кніг: «Американские зарисовки» (1926), «С высоты полёта и в перспективе времени (Репортаж лётчика)» (1932), «Морские предприятия» (1935). Рыгор Віктаравіч Піятроўскі пражыў цікавае і багатае на падзеі жыццё, быў узнагароджаны сербскім ордэнам св. Савы, некалькімі расійскімі ордэнамі. Імя Піятроўскага стаіць побач з самымі вядомымі імёнамі піянераў Расійскай авіяцыі.