Самым яркім і запамінальным у фестывальным жыцці Бабруйска з’яўляецца Міжнародны фестываль народнай творчасці «Вянок дружбы», які быў упершыню арганізаваны ў 1996 г. У ім прынялі ўдзел каля 30 аўтэнтычных ансамбляў з Беларусі і Украіны (колькасць удзельнікаў да 500 чалавек). У наступныя гады пашырылася не толькі геаграфія фестывалю, але і змест, напаўненне. З 2003 г. яго сталіцай стаў шматнацыянальны Бабруйск. У горадзе з шматгадовай гісторыяй глыбока перапляліся розныя нацыянальныя культуры, якія і надалі яму непаўторны каларыт і адмысловы шарм. Фестываль накіраваны на развіццё і ўмацаванне міжнародных культурных сувязей, папулярызацыю народнай творчасці і традыцый. За сваю гісторыю ўдзельнікамі сталі творчыя калектывы з Аўстрыі, Азербайджана, Арменіі, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Венесуэлы, Ганы, Германіі, Грузіі, Іспаніі, Ізраіля, Індыі, Ірана, Казахстана, Кыргызстана, Кітая, Латвіі, Літвы, Малдовы, Нідэрландаў, Польшчы, Расіі, Румыніі, Сербіі, Славакіі, Турцыі, Украіны, Францыі, Чарнагорыі, Швецыі і Эстоніі. Выступленні на фестывалі не маюць конкурснага характару і праходзяць пад дэвізам роўнай значнасці і мастацкай каштоўнасці яго ўдзельнікаў, нацыянальных культур і традыцый. Згодна з праграмай калектывы прымаюць удзел ва ўрачыстым адкрыцці і закрыцці мерапрыемства, святочным тэатралізаваным шэсці па вуліцах Бабруйска, у канцэртах і творчых сустрэчах на прадпрыемствах горада і ў аграгарадках, выстаўцы-прэзентацыі нацыянальнага сувеніра, выстаўцы-конкурсе «Вянок як сімвал фестывалю – у падарунак фестывалю», вечары дружбы з прэзентацыяй нацыянальных пачастункаў. Удзельнікі фестывалю знаёмяцца з гісторыяй горада і наведваюць Бабруйскі краязнаўчы музей і Бабруйскі мастацкі музей імя Г.Г. Паплаўскага.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г.