Капэла хлопчыкаў і юнакоў Палаца культуры прафсаюзаў Брэста была створана ў 1982 г. Мастацкім кіраўніком і дырыжорам гэтага калектыву стала Ала Міхайлаўна Ігумнава. У той час яна, выпускніца Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.І. Чайкоўскага, працавала выкладчыцай музыкі (фартэпіяна) у дзіцячай музычнай школе № 1 Брэста і з'яўлялася канцэртмайстрам хору пры клубе Брэсцкага электрамеханічнага завода. Каб дасканала авалодаць дырыжорскім майстэрствам, А.М. Ігумнава, прафесіянальная піяністка, паступіла ў 1986 г. адразу на трэці курс Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. Вучылася на аддзяленні харавога дырыжыравання ў прафесара В. Роўды. Праз некалькі гадоў створаны ёю калектыў, ператварыўся ў сапраўдную музычна-харавую школу, на базе якой і сёння дзейнічае капэла і мужчынская маладзёжная арт-група «Brest street boys».
Пад кіраўніцтвам А.М. Ігумнавай капэла ў 1985 г. атрымала званне ўзорнага мастацкага калектыву, пачала супрацоўнічаць з Цэнтральным маскоўскім тэлебачаннем. З 1986 г. прымала ўдзел у шматлікіх фестывалях. Выступала ў Прыбалтыцы на пеўчых святах. У 1990 г. стала ўдзельніцай міжнароднага харавога фестывалю ў Польшчы. Выступала з канцэртамі ў Варшаве, Любліне, Пулавах, Познані і іншых гарадах. У 1997 г. у г. Быдгашч на XX Міжнародным музычным конкурсе капэла атрымала 1-ю прэмію «Залатая струна» ў намінацыі «Хары камерныя a capellа», а па выніках усяго конкурсу – гран-пры. У студзені 1998 г. на II Міжнародным конкурсе духоўнай музыкі ў Мінску калектыў узнагародзілі 2-й прэміяй і званнем лаўрэата. Потым капэла ўдзельнічала ў VIII Міжнародным фестывалі духоўнай музыкі Gaude Mater в г. Чэнстахоў (Польша), у XVII Міжнародным конкурсе духоўнай музыкі ў г. Гайнаўка (Польша), фестывалі народнай творчасці «Беларусь – мая песня» і інш. Вельмі адказным і важным этапам у творчай дзейнасці капэлы былі 2000 гг. У гэты перыяд рыхтавалася конкурсная праграма да ўдзелу ў Першай Сусветнай алімпіядзе хароў г. Лінц (Аўстрыя). Вынікам працы сталі залаты медаль і дыплом у намінацыі «Музыка духоўная традыцыйная XIX–XX вякоў a capella». Брэсцкая капэла шмат выступае на канцэртах у мінскім Палацы рэспубліцы, на «Славянскім базары», асабліва з рэпертуарам арт-групы «Brest street boys». Яна з'яўляецца лаўрэатам прэміі Беларускага саюза моладзі, прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Шмат гадоў кіруе сваім славутым харавым калектывам А.М. Ігумнава. Яна стварыла ўнікальную сістэму работы з мужчынскімі галасамі. Многія выхаванцы хору сталі прафесійнымі музыкантамі. Сярод іх – С. Лазарэвіч, артыст Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Я. Ермакоў – саліст Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, І. Рэцівых – вакаліст арт-групы «Беларусы», Т. Карпук – выкладчыца Мюнхенскай кансерваторыі.
У 2013 г. А.М. Ігумнава атрымала ганаровае званне «Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь», узнагароджана таксама медалём імя Ф. Скарыны (2007).
Матэрыя падрыхтаваны ў 2017 г.