Краткая справка:
помнік архітэктуры неаготыкі, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
Варианты названия:
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы; Рэчыцкі касцёл Найсвяцейшай Тройцы
Названия на других языках:
Church of the Holly Trinity (английский); Речицкий костёл Пресвятой Троицы (русский); Речицкий Троицкий костёл (русский); Свято-Троицкий костел (русский);
1673 символа
Справка
Адным з яркіх прыкладаў неаготыкі ў архітэктуры Беларусі пачатку ХХ ст. з’яўляецца Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў г. Рэчыца (Гомельская вобласць).
Вядома, што каталіцкі храм у горадзе існаваў яшчэ з 1634 г. Пабудаваны з дрэва па фундацыі рэчыцкага старасты Аляксандра Служкі, ён праіснаваў да 1862 г., калі быў знішчаны пажарам. Дазвол на аднаўленне святыні дадзены расійскімі ўладамі толькі ў 1899 г.
Будаўніцтва цаглянага храма ў неагатычным стылі з элементамі эклектыкі па праекце польскага архітэктара Юзафа Дзяконьскага было скончана ў 1903 г. Новы касцёл уяўляў сабой трохнефавую базіліку пад двухсхільным дахам з ацынкаванага жалеза. Трох’ярусная вежа, прыбудаваная да галоўнага фасада, завершана шатром-шпілем і ўмацавана вуглавымі трох’яруснымі контрфорсамі. Галоўны ўваход вылучаўся глыбінным парталам з высокім востраканечным франтонам-вімпергам і стральчатым акном. Такія ж вокны і контрфорсы-пілоны змяшчаліся ў прасценках на бакавых фасадах. Галоўны алтар выкананы з мармуровай пліты на чатырох калонах. Вядома, што ў храме захоўваліся старажытныя абразы ў сярэбраных абкладах.
Пасля ўстанаўлення савецкай улады касцёл быў разрабаваны. З 1932 г. ён стаяў закрыты і выкарыстоўваўся як склад, музей і піўны бар. У 1988 г. храм Найсвяцейшай Тройцы прызнаны помнікам архітэктуры ХХ ст. і ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Пасля аднаўлення парафіі, касцёл у 1999 г. вярнулі вернікам. Дзякуючы намаганням ксяндза Г. Худэка, будынак быў рэканструяваны і з 2007 г. пачаў выкарыстоўвацца па прызначэнні. У 2021 г. у храм вернуты адзін з яго абразоў “Маці Божая Балесная” (сярэдзіна ХІХ ст.).