Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыёактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя (Белгідрамет) адзначае свой 100-гадовы юбілей, але гісторыя сістэматычных назіранняў за надвор’ем на тэрыторыі Беларусі значна даўжэйшая.
Яшчэ ў XVІІІ ст. пачаліся звязаныя з асваеннем водных шляхоў, а таксама з будаўніцтвам суднаходных каналаў гідралагічныя даследаванні Заходняй Дзвіны і Дняпра. У канцы ХІХ ст. стацыянарныя гідралагічныя пасты меліся на ўсіх буйных рэках Беларусі.
Першыя метэаралагічныя назіранні на тэрыторыі Беларусі сталі рэгулярна праводзіцца ў пачатку XІX ст. Метэаралагічныя станцыі былі створаны ў Магілёве (1808), Віцебску (1810), Брэсце (1834), Бабруйску і Свіслачы (1836), Гродне (1839), Горках (1841) і Мінску (1846). У 1849 г. яны ўвайшлі ў апорную сетку Галоўнай фізічнай абсерваторыі (ГФА) у Санкт-Пецярбургу. У 1886 г. на тэрыторыі Беларусі налічвалася 45 пунктаў, дзе вяліся метэаназіранні. Іх вынікі публікаваліся ў даведачных выданнях ГФА. Да пачатку Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі налічвалася 63 вадамерных, 65 дажджамерных пастоў, 27 метэаралагічных станцый. Падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны прывялі гэтую сістэму ў заняпад.
1 ліпеня 1924 г. пры Народным камісарыяце земляробства БССР (Наркамземе) было створана Метэаралагічнае бюро, якое ўзначаліў прафесар М.П. Мышкін. Установа кіравала сеткай гідраметэаралагічных станцый і пастоў, займалася зборам, апрацоўкай і давядзеннем гідраметэаралагічнай інфармацыі да карыстальнікаў. У 1929 г. згодна з пастановай СНК БССР аб аб'яднанні гідралагічнай і метэаралагічнай службаў быў створаны Гідраметэаралагічны камітэт БССР. У студзені 1936 г. пачала сваю дзейнасць Геафізічная абсерваторыя. Да пачатку 1940-х гг. у Беларусі мелася добра аснашчаная сетка з 464 гідраметэаралагічных станцый і пастоў.
У час Вялікай Айчыннай вайны гідраметэаралагічная служба Беларусі значна пацярпела: загінула каля 300 спецыялістаў, больш за 85% станцый і пастоў былі разбураны. На часова акупіраванай тэрыторыі Беларусі гідраметэаралагічныя назіранні вяліся ў Горках, Васілевічах, Мар’інай Горцы, Барысаве, Ганцавічах і інш. Невялікая сетка метэаназіральных пунктаў забеспячвала работу партызанскіх аэрадромаў. Пасля вызвалення Беларусі было прыкладзена шмат намаганняў для аднаўлення работы метэаралагічнай службы. У 1960‒1980-я гг. былі асвоены новыя тэхнічныя сродкі (аўтаматычныя метэаралагічныя станцыі), значна павысіўся ўзровень аўтаматызацыі ў апрацоўцы даных.
Сёння ў склад Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролю радыёактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя (Белгідрамет) уваходзяць гідралагічныя, метэаралагічныя, авіяцыйна-метэаралагічныя службы, спецыялізаваныя станцыі і гідралагічныя пасты, шэсць абласных філіялаў. Асноўнымі напрамкамі дзейнасці Белгідрамета з’яўляюцца: атрыманне першасных гідраметэаралагічных даных на дзяржаўных сетках гідраметэаралагічнага назірання; прыземныя метэаралагічныя, актынаметрычныя, аэралагічныя і гідралагічныя назіранні; збіранне, апрацоўка, аналіз, захоўванне і прадастаўленне гідраметэаралагічнай інфармацыі; складанне прагнозаў; правядзенне аналізу рэгіянальных змен клімату; забеспячэнне дзяржаўных органаў, юрыдычных асоб і грамаздян гідраметэаралагічнай інфармацыяй і інш.
Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыёактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя з’яўляецца членам Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі (СМА), Міждзяржаўнага савета па гідраметэаралогіі краін СНД, сумеснай Калегіі Камітэта Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі па гідраметэаралогіі і маніторынгу забруджвання навакольнага асяроддзя. Сярод накірункаў навуковых даследаванняў Белгідрамета ‒ ацэнка змянення кліматычных і гідралагічных характарыстык на тэрыторыі Беларусі ва ўмовах глабальнай змены клімату; распрацоўка і ўкараненне сучасных інавацыйных тэхналогій маніторынгу, ацэнкі стану і прагназавання якасці атмасфернага паветра; развіццё сістэмы радыяцыйнага маніторынгу атмасфернага паветра, паверхневых вод і глеб і інш. Адна з найважнейшых задач службы – прагназіраванне небяспечных з’яў прыроды з мэтай зніжэння пагрозы жыццю людзей і мінімізацыі страт эканомікі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.