Вядомы педагог і дзяржаўны дзеяч Беларусі Людміла Канстанцінаўна Сухнат нарадзілася ў вёсцы Капланаўка Кіраўскага раёна. Сям’я жыла небагата – у бацькоў не было сваёй зямлі. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі раёна быў створаны саўгас Старыца, дзе бацька Людмілы працаваў кавалём, а потым узначаліў гэтае сельгаспрадпрыемства.
У 1944 г. сям’я Сухнат пераехала ў Мінск. У 1955 г. Людміла Сухнат выдатна скончыла сярэднюю школу і паступіла на гістарычны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага (цяпер Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка). Праз пяць гадоў Людміла Канстанцінаўна Сухнат атрымала дыплом з адзнакай і стала выкладаць гісторыю, грамадазнаўства, беларускую мову і літаратуру ў школах Мінска. Маладую таленавітую настаўніцу заўважылі і запрасілі на працу ў Мінскі гарадскі аддзел народнай асветы. Спачатку Людміла Канстанцінаўна працавала інспектарам, потым атрымала пасаду намесніка загадчыка. У 1970–1983 гг. працавала намеснікам старшыні, была старшынёй выканкама раённага Савета народных дэпутатаў, сакратаром райкама КПБ Першамайскага раёна г. Мінска, у 1983–1984 гг. з’яўлялася сакратаром Мінскага гаркама КПБ.
У 1985 г. Людміла Канстанцінаўна Сухнат узначаліла Міністэрства асветы Беларускай ССР, у 1988–1994 гг. працавала першым намеснікам міністра народнай адукацыі Рэспублікі Беларусь. У перыяд з 1989 па 1992 г. Людміла Канстанцінаўна непасрэдна кіравала працай Упраўлення прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі краіны.
За шматгадовую добрасумленную працу ў галіне педагогікі Людміла Канстанцінаўна Сухнат была адзначана ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР і Міністэрства асветы Беларусі, медалямі, ёй было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны настаўнік Беларусі”.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.