Барыс Аляксандравіч Кутавы нарадзіўся ў невялікім гарадку Ічня, што знаходзіцца на паўднёвым усходзе Чарнігаўскай вобласці. Яго бацька працаваў ветерынарным урачом, маці была акушэркай. У сям’і Кутавых было трое хлопчыкаў.
У 1955 г. Барыс Кутавы скончыў Ічнянскую сярэднюю школу і перад ім паўстала пытанне аб атрыманні прафесіі. Ён хацеў звязаць сваё жыццё з морам і спрабаваў паступіць у інстытут інжынераў марскога флоту, не паступіў і вярнуўся дадому. Бацькі ведалі пра любоў Барыса да кнігі і расказалі яму пра Львоўскі паліграфічны інстытут імя І. Фёдарава (цяпер Украінская акадэмія друку). У 1961 г. Барыс Аляксандравіч Кутавы атрымаў дыплом інжынера-тэхнолага паліграфічнай вытворчасці і быў накіраваны ў Мінскую тыпаграфію імя Сталіна (потым выдавецтва ЦК КПБ). Выдатную працу маладога спецыяліста заўважылі: за два гады Барыс Кутавы прайшоў шлях ад майстра да начальніка формнага цэха.
У 1972 г. Барыс Аляксандравіч Кутавы заняў пасаду намесніка дырэктара па вытворчасці выдавецтва ЦК КПБ. Ён прыкладаў шмат намаганняў для мадэрнізацыі вытворчасці, асваення новага абсталявання, павелічэння выпуску прадукцыі. У 1977 г. калектыў прадпрыемства быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. З 1984 да 2003 г. Барыс Аляксандравіч Кутавы ўзначальваў выдавецтва. Пад яго непасрэдным кіраўніцтвам уступалі ў строй новыя вытворчыя магутнасці, вялася мадэрнізацыя вытворчасці, набывалася новае абсталяванне вытворчасці ЗША і Германіі, асвойваліся перадавыя тэхналогіі друку кніг, газет і часопісаў. Друкаваная прадукцыя выдавецтва год ад году станавілася больш якаснай. У канцы 1980-х гг. выдавецтва ЦК КПБ стала буйнейшай тыпаграфіяй не толькі ў Беларусі, але і ў СССР. Гэта было сучаснае, аснашчанае найноўшым абсталяваннем прадпрыемства з высокай культурай вытворчасці і вялікай прадукцыйнасцю працы. На пачатку 1990-х гг. выдавецтва выпускала 33 назвы цэнтральных і рэспубліканскіх газет разавым тыражом звыш 5 міліёнаў экзэмпляраў; 36 часопісаў, тыраж якіх складаў 6 міліёнаў экзэмпляраў у месяц; 19 міліёнаў экзэмпляраў кніг. За выдатную працу па кіраўніцтве прадпрыемствам Барыс Аляксандравіч Кутавы быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём “За доблесную працу”, ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Савета Міністраў БССР.
У 1991 г. выдавецтва ЦК КПБ стала Беларускім Домам друку. Нягледзячы на эканамічныя цяжкасці, значнае змяншэнне тыражоў выдавецкай прадукцыі прадпрыемства пад кіраўніцтвам Барыса Кутавога працягвала выпуск высакаякасных газет, часопісаў і кніг. Пасля вывучэння спажывецкага спросу быў наладжаны выпуск газеты “Экспрэс-рэклама”, працягваўся выпуск часопіса “На экранах” (былая назва “На экранах Беларусі”), быў асвоены выпуск бланкаў новых беларускіх пашпартоў, ваенных білетаў, каштоўных папер, паштовых марак. Кіраўнік прадпрыемства штогод выдаткоўваў сродкі на рамонт і мадэрнізацыю вытворчых цэхаў, набыццё новай выдавецкай тэхнікі. У 2002 г. паслугамі Беларускага Дома друку карысталіся рэдакцыі 178 газет, 80 часопісаў. За год прадпрыемства выдавала больш за 32 міліёны экзэмпляраў кніжнай прадукцыі. Шмат увагі Барыс Аляксандравіч надаваў стварэнню ў калектыве творчай атмасферы, фарміраванню карпаратыўнага духу, падтрымліваў працоўныя дынастыі.
Амаль паўвека прысвяціў Барыс Кутавы роднаму прадпрыемтву. За высокія дасягненні ў галіне выдавецкай справы ён атрымаў ганаровае званне “Заслужаны работнік прамысловасці Рэспублікі Беларусь”, быў адзначаны нагрудным знакам Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік друку Беларусі”, узнагроджаны Ганаровай граматай Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.