Надзея Георгіеўна Лось нарадзілася ў вёсцы Рог Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці. Яе вёска знаходзілася за 8 км ад Азарыч. У пачатку сакавіка 1944 г. сям’я Надзеі Лось аказалася на тэрыторыі канцэнтрацыйнага лагера “Азарычы”, створанага нямецкімі акупацыйнымі войскамі з мэтай спынення наступлення Чырвонай Арміі. На абнесеных калючым дротам ўчастках зямлі без прытулку, ежы і вады знаходзілася каля 50 тысяч жанчын, дзяцей і старых – жыхароў вакольных вёсак. У гэты ж лагер фашысты прывезлі каля 7 тысяч хворых на сыпны тыф. Знямоглыя і хворыя людзі паміралі сотнямі. Надзею Лось і яе родных уратавала тое, што яны прабылі ў лагеры каля двух тыдняў: 18-19 сакавіка 1944 г. іх вызвалілі войскі 65-й арміі 1-га Беларускага фронту. У той час Надзеі не было яшчэ і шасці гадоў, аднак гэтыя жудасныя падзеі засталіся ў яе памяці на ўсё жыццё.
Пасля вызвалення з лагера сям’я Лось вярнулася дадому. Увосень 1944 г. Надзя разам са старэйшай сястрой пайшла ў 1-ы клас. Каб здзейсніць сваю даўнюю мару і стаць настаўніцай, у 1954 г. паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У гэты час ва ўніверсітэце працавалі выдатныя педагогі: М. Ларчанка, Р. Булацкі, І. Навуменка, Д. Фактаровіч, І. Гутараў і інш. Аднакурснікамі Надзеі Лось былі Р. Барадулін, В. Зуёнак, Г. Бураўкін, Б. Сачанка, В. Карамазаў. Надзея і вучылася, і працавала выдатна: летам 1956 г. разам з сябрамі-камсамольцамі прымала ўдзел ва ўборцы пшаніцы ў Кустанайскай вобласці Казахстана. За добрасумленную працу Надзея Лось была ўзнагароджанака знакам ЦК УЛКСМ “За асваенне новых земляў”.
Пасля заканчэння ўніверсітэта выкладала рускую мову і літаратуру ў школе рабочай моладзі № 20 г. Мінска (цяпер вячэрняя агульнаадукацыйная школа № 20). Праз некалькі гадоў стала арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай работы сярэдняй школы № 29 (цяпер пачатковая школа № 29 г. Мінска). Над установай узяў шэфства Мінскі камвольны камбінат (цяпер ААТ “Камволь”). З дапамогай шэфаў настаўнікі і вучні СШ № 29 змаглі ўвекавечыць подзвіг падпольшчыкаў Уладзіміра і Канстанціна Сянько, якія вучыліся ў школе да вайны. За арганізацыю патрыятычнай работы сярод школьнікаў Надзея Рыгораўна Лось была ўзнагароджана Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. У верасні 1971 г. пераведзена на працу ў Мінскі гарадскі аддзел народнай адукацыі (цяпер камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама). Спачатку працавала інспектарам, потым з’яўлялася намеснікам загадчыка ўстановы. У 1976 г. Надзея Рыгораўна Лось была ўдастоена ганаровага звання “Заслужаны настаўнік БССР”.
У красавіку 1977 г. на карце Мінска з’явіўся новы адміністрацыйны раён –Партызанскі, і Надзеі Рыгораўне прапанавалі заняць пасаду намесніка старшыні райвыканкама. Яна займалася пытаннямі адукацыі, культуры, аховы здароўя, бытавога абслугоўвання, гандлю, грамадскага харчавання.
З 1984 да 1999 г. была дырэктарам Мінскага тэхнікума савецкага гандлю (цяпер Філіял БДЭУ “Мінскі гандлёвы каледж”). Дзякуючы яе намаганням былі ўведзены новыя спецыяльнасці “Бухгалтарскі ўлік”, “Правазнаўства”, “Камерцыйная дзейнасць”, заключаны дагаворы аб супрацоўніцтве з БДУ і БДЭУ, умацавана матэрыяльная база ўстановы, пабудаваны новы інтэрнат для навучэнцаў. За поспехі, дасягнутыя ў час падрыхтоўкі спецыялістаў для прадпрыемстваў гандлю, грамадскага харчавання, сацыяльнага абслугоўвання Надзея Рыгораўна Лось была ўзнагароджана знакам “Выдатнік народнай асветы”, ганаровымі граматамі Міністэрства гандлю і Міністэрства адукацыі Беларусі.
Надзея Лось – сапраўдная жанчына, клапатлівая маці, цудоўная бабуля. Яна ведае, што галоўнае прызначэнне жанчыны – несці ў свет любоў. Больш за дваццаць гадоў яна прымае актыўны ўдзел у рабоце грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”, дзе з’яўляецца адказным сакратаром Мінскай гарадской арганізацыі БСЖ, арганізуе правядзенне дабрачынных акцый, дзіцячых і сямейных свят, кіруе працай клуба “Настаўнік” пры Мінскім гарадскім Савеце жанчын. У 2015 г. Надзея Рыгораўна Лось стала лаўрэатам Рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года – 2014”.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.