Дзінара Алімбекава нарадзілася ў невялікім горадзе Абай, Карагандзінскай вобласці, Казахстан. Яе бацька па нацыянальнасці казах, маці – беларуска. Калі Дзінары было 3 гады, яе сям'я пераехала ў Беларусь у г. Чавусы. У інтэрв'ю будучая алімпійская чэмпіёнка паведамляла, што сям'я ў яе не надта спартыўная, толькі дзядуля займаецца фізкультурай. З ранняга дзяцінства Дзінара займалася харэаграфіяй і грала на фартэпіяна ў школе мастацтваў. Па словах спартсменкі, у лыжныя гонкі яе ў 11 гадоў прывёў настаўнік фізкультуры – Генадзь Цімафеевіч Таеўскі. Дзінара пачала займацца ў ДзЮСШ, аднак сумяшчаць школу мастацтваў і спартыўную было практычна немагчыма. Праз год спартсменка трапіла ў группу Андрэя Алегавіча Іванова, дзе пачала займацца біятлонам.
Дэбют Дзінары Алімбекавай на міжнародных спаборніцтвах адбыўся ва ўзросце 15 гадоў. На юніёрскім чэмпіянаце свету ў Чэхіі біятланістка стала 21-й у спрынце і 35-й у пераследзе. Дзінара была таксама ўключана ў эстафетную чацвёрку, дзе з партнёрамі па камандзе заняла 11 месца. У 2015 годзе Дзінара Алімбекава разам з Ганнай Сола і Дар'яй Блашко паднялася на вышэйшую прыступку п'едэстала па выніках эстафетнай гонкі на юніёрскім чэмпіянаце свету па біятлоне, які праходзіў у Раўбічах.
У 16 гадоў спартсменка пачала выступаць у дарослым біятлоне ў Кубку IBU, дзе самым высокім яе вынікам стала «серабро» ў спрынце на этапе ў нарвежскім Бейтостолене ў сезоне 2016/2017. На этапах Кубка свету ў алімпійскім сезоне 2017/2018 у Дзінары Алімбекавай было 6 асабістых стартаў. Лепшым вынікам для спартсменкі стала 33 месца ў спрынце ў Ансі і 35 месца ў індывідуальнай гонцы ў Рупольдынгу.
Дэбют на Алімпіядзе–2018 у Пхенчхане у Дзінары Алимбекавай адбыўся 15 лютага 2018 года ў індывідуальнай гонцы на 15 км, дзе яна заняла 56 месца, прайграўшы шведцы Ханне Оберг 5,56.8 хвіліны. Напярэдадні эстафеты трэнеры доўгі час выбіралі паміж двума спартсменкамі: Дзінарай Алімбекавай і Надзеяй Пісаравай, адна з якіх павінна была стаць чацвёртай у квартэце беларускіх біятланістак. У выніку выбар паў на Дзінару Алімбекаву. 22 лютага на Алімпійскіх гульнях у Пхенчхане прайшла жаночая біятлонная эстафета, дзе беларускія спартсменкі ўпершыню трапілі на п'едэстал зімовай Алімпіяды ў камандным выглядзе. Перамогу зборнай Беларусі прынеслі Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Дзінара Алімбекава і Дар'я Домрачава. Пераможны час беларускіх біятланістак – 1 г. 12 хвіл. 03,4 сек. (без штрафных кругоў, 9 дадатковых патронаў).
Дзінара Алімбекава стала самай маладой алімпійскай чэмпіёнкай у гісторыі біятлона. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь спартсменкі, якія выйгралі эстафетную гонку, былі ўзнагароджаны ордэнам «За асабістую мужнасць». Сярод захапленняў Дзінары Алімбекавай можна вылучыць катанне на сноўбордзе і каньках.
Даведка падрыхтавана на аснове матэрыялаў сайта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у 2019 г.