Ірына Крыўко нарадзілася ў г. Сянно Віцебскай вобласці. Па словах будучай алімпійскай чэмпіёнкі, у спорт яе прывёў няшчасны выпадак – дом, дзе жылі, згарэў і сям’і прыйшлося пераехаць у агульнае памяшканне, якое знаходзілася побач з трэніровачнай базай біятланістаў. Настаўніца фізкультуры ў школе Валянціна Гардзецкая, сама былая біятланістка, параіла дзяўчынцы звярнуцца туды. Так ва ўзросце 11 гадоў Ірына трапіла ў біятлон да трэнера Валерыя Міхайлавіча Лектарава. Як адзначала сама спартсменка ў інтэрв’ю, яна прыйшла ў спорт дастаткова позна, таму, калі ўсе ўжо ўпэўнена трымалсія на лыжах, яна ўвесь час падала. Тым не менш, упартасць, працавітасць і працаздольнасць далі свой плён, пачаліся першыя спаборніцтвы і першыя перамогі. Трэба адзначыць, што раней у сям’і Крыўко спартсменаў не было, аднак прыклад старэйшай сястры натхніў малодшага брата Ірыны – Віктара, які таксама стаў біятланістам у складзе зборнай Беларусі.
На міжнародных спаборніцтвах – чэмпіянаце свету сярод юніёраў (Кенмар, Канада) – Ірына Крыўко дэбютавала ў 2009 г. У першай індывідуальнай гонцы яна стала чацвёртай, у спрынце – чатырнаццатай, у гонцы пераследавання – восьмай. Першы сярэбраны медаль Ірына заваявала ў эстафеце разам з Нэляй Мікалаевай і Дар’яй Несцярчык. На наступным чэмпіянаце свету сярод юніёраў у 2010 г. у індывідуальных гонках на подыум таксама не ўздымалася, аднак з партнёрамі па камандзе зноў заваявала медаль у эстафеце, на гэты раз бронзавы. У 2011 г. Ірына была ўключана ў зборную Рэспублікі Беларусь па біятлоне і сезон 2011/2012 пачала з выступленняў на этапах Кубка IBU і Кубка свету. У гэтым жа сезоне на чацвёртым чэмпіянаце свету сярод юніёраў спартсменка змагла нарэшце ўзысці на п’едэстал у асабістым першынстве, стаўшы трэцяй у спрынце. Дэбют на чэмпіянаце свету ў 2012 г. прайшоў для Ірыны не вельмі ўдала – у індывідуальнай гонцы спартсменка не змагла фінішаваць. У 2015 г. Ірына Крыўко зноў узнялася на п’едэстал па выніках эстафеты, на гэты раз ужо на этапе Кубка свету ў Рупольдзінгу. Дзякуючы нядрэнным выступленням у Кубку свету ў пачатку алімпійскага сезона 2017/2018 Ірына Крыўко, займаючы дваццаць першую пазіцыю, увайшла ў трыццатку мацнейшых спартсменаў і змагла выступаць у мас-старце. На чатырох агнявых рубяжах яна не дапусціла ніводнага промаху і сенсацыйна фінішавала другой, саступіўшы толькі 11,2 секунды францужанцы Жусцін Браза. Месца на п’едэстале ў французскім Ансі стала першым сур’ёзным дасягненнем для спартсменкі ў індывідуальных спаборніцтвах. Цікава, што для Ірыны ўдзел у мас-старце на такіх буйных спаборніцтвах быў першым у кар’еры.
На сваіх першых Алімпійскіх гульнях у Пхенчхане-2018 Ірына выступала у пяці біятлонных дысцыплінах з шасці – індывідуальнай гонцы (36 месца), спрынце (17 месца), гонцы пераследавання (17 месца), мас-старце (26 месца). Пятай гонкай для спартсменкі стала жаночая эстафета, якая прайшла 22 лютага ў цэнтры лыжных гонак і біятлона «Альпензія». Спартсменка стартавала другой, прыняўшы эстафету у Надзеі Скардзіна. Трэцяй ішла Дзінара Алімбекава, а завяршала гонку Дар’я Домрачава. У гэты дзень беларускія біятланісткі, дзякуючы добраму ходу па дыстанцыі і дакладнай стральбе, упершыню трапілі на п’едэстал зімовай Алімпіяды ў камандным відзе. Пераможны час у эстафеце, які прынёс «золата» Беларусі, склаў 1 гадзіну 12 хвілін 3,4 секунды (без штрафных колаў, 9 запасных патронаў).
Пасля перамогі ў эстафеце на Алімпіядзе-2018 у Пхенчхане указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ірына Крыўко была ўзнагароджана ордэнам «За асабістую мужнасць». Таксама беларуская біятланістка ўвайшла ў колькасць кандыдатаў у камітэт спартсменаў Міжнароднага саюза біятланістаў (IBU) на перыяд 2018–2020 гг.
Даведка падрыхтавана на аснове матэрыялаў сайта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у 2019 г.