Надзея Скардзіна нарадзілася ў Санкт-Пецярбургу ў шматдзетнай сям’і. Разам з сястрой ў юным узросце пачала займацца лыжнымі гонкамі, аднак на трасе не паказвала высокіх хуткасцяў з-за чаго нават падумвала пра тое, каб кінуць спорт. У 2004 г. ёй паступіла прапанова пераехаць у Беларусь і паспрабаваць сябе ў біятлоне, дзе меткай стральбой спартсменка магла кампенсаваць недастатковую хуткасць. У 2006 г. Надзея ўвайшла ў зборную Беларусі па біятлоне. У гэтым жа годзе яна ўпершыню дэбютавала ў Кубку свету ў індывідуальнай гонцы ў Эстэрсундзе, па выніках якой заняла 44 месца.
Зімовыя Алімпійскія гульні 2010 г. у Ванкуверы сталі першымі для спартсменкі. Ва ўсіх індывідуальных спаборніцтвах Надзея Скардзіна ўвайшла ў трыццатку лепшых. У эстафетнай гонцы беларуская каманда заняла сёмае месца. У міжалімпійскім сезоне 2012/2013 спартсменка ўпершыню ўзышла на подыум Кубка свету ў Паклюке, заняўшы трэцяе месца ў спрынце. У алімпійскім сезоне 2013/2014 Надзея Скардзіна ўстанавіла сусветны рэкорд па дакладнасці стральбы. Яна без промахаў прайшла 22 агнявыя рубяжы запар (110+ мішэняў). Гэты вынік беларускай спартсменкі пакуль не здолелі паўтарыць ні жанчыны, ні мужчыны. Як адзначала сама спартсменка ў розных інтэрв’ю, для яе больш важна страляць без промахаў, чым быць хутчэй за ўсіх «нагамі». У гэтым сезоне Надзея Скардзіна двойчы ўздымалася на подыум этапаў Кубка свету па выніках гонкі пераследавання і спрынта.
Зімовыя Алімпійскія гульні 2014 г. у Сочы прынеслі спартсменцы доўгачаканы медаль. 14 лютага 2014 г. на трасу ў лыжна-біятлонным комплексе «Лаура» выйшлі 82 спартсменкі з 32 краін свету, каб разыграць медаль у індывідуальнай гонцы на 15 км. Дзякуючы снайперскай дакладнасці Надзея Скардзіна «чыста» прайшла трасу, прайграўшы лідэру гонкі, сваёй суайчынніцы Дар’і Домрачавай 1:38,2 хвіліны, і здолела ўзняцца на трэцюю ступень п’едэстала.
Пасля гульняў у Сочы ў самай меткай беларускай біятланісткі Надзеі Скардзіна абвастрыліся праблемы са зрокам. Урачы зрабілі ёй 2 карэкцыйныя аперацыі, дзякуючы чаму спартсменка здолела працягнуць кар’еру, памяняла вока для прыцэльвання і пачала выступаць з унікальнай вінтоўкай, якая дазволіла захаваць звыклую правую падрыхтоўку.
Алімпійскі сезон 2017/2018 стаў паспяховым для Надзеі Скардзіна – упершыню ў кар’еры яна стала ўладальніцай малога Крыштальнага глобуса ў заліку індывідуальных гонак. На гульнях у Пхенчхане прайшла жаночая эстафета 4х6 км, дзе беларускія спартсмены ўпершыню трапілі на п’едэстал зімовай Алімпіяды ў камандным відзе. Перамогу зборнай Беларусі прынеслі Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Дзінара Алімбекава і Дар’я Домрачава. Пераможны час беларускіх біятланістак – 1 гадзіна 12 хвілін 3,4 секунды (без штрафных колаў, 9 дадатковых патронаў). Залаты медаль Алімпіяды 2018 г. стаў лепшым вынікам у кар’еры Надзеі. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь спартсменкі, якія выйгралі эстафетную гонку, былі ўзнагароджаны ордэнам «За асабістую мужнасць». Таксама біятланістка з’яўляецца заслужаным майстрам спорту Беларусі, узнагароджана ордэнам Айчыны ІІІ ступені (2014). У чэрвені 2018 г. Надзея Скардзіна аб’явіла аб завяршэнні спартыўнай кар’еры.
Даведка падрыхтавана на аснове матэрыялаў сайта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у 2019 г.