Аляксей Мікалаевіч Бацян нарадзіўся ў вёсцы Чартавічы Валожынскай воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні (цяпер Валожынскі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям'і. Пражываў з сям’ёй у роднай вёсцы, якая ў той час належала Польшчы, скончыў сярэднюю школу і педагагічнае вучылішча.
У 1939 г. быў прызваны ў польскую армію, праходзіў службу ў частках зенітнай артылерыі ў Вільні, атрымаў званне капрала. З пачатку Другой сусветнай вайны прымаў удзел у баях супраць гітлераўскіх войскаў у верасні 1939 г., збіў 3 нямецкія самалёты. Пасля акупацыі Польшчы гітлераўцамі ў складзе сваёй вайсковай часткі здаўся ў палон войскам Чырвонай Арміі.
А. Бацян вярнуўся ў роднае сяло, скончыў курсы падрыхтоўкі настаўнікаў і стаў загадчыкам пачатковай школы сяла Роўкавічы Валожынскага раёна, атрымаў савецкае грамадзянства, стаў камсамольцам.
У маі 1940 г. быў запрошаны на службу ў органы НКУС СССР і праз год накіраваны ў Вышэйшую разведшколу. У ліпені 1941 г. быў залічаны ў склад Асобнай мотастралковай брыгады асобага прызначэння 4-га ўпраўлення НКУС СССР. У лістападзе 1941 г. А. Бацян кіраваў разведвальна-дыверсійнай групай за лініяй фронту, удзельнічаў у абароне Масквы. У студзені 1943 г. быў накіраваны ў заходнія раёны Украіны і Беларусі, быў намеснікам па разведцы камандзіра партызанскага злучэння Героя Савецкага Саюза В.А. Карасёва. Пад непасрэдным кіраўніцтвам А. Бацяна 9 верасня 1943 г. быў узарваны нямецкі гебітскамісарыят у горадзе Оўруч Жытомірскай вобласці Украіны. У выніку гэтай аперацыі было знішчана 80 гітлераўскіх афіцэраў. А.М. Бацян быў прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза, але узнагароджаны не быў.
У маі 1944 г. на чале групы з 28 чалавек Аляксей Бацян быў накіраваны ў Польшчу для вывучэння размяшчэння праціўніка ў раёне Кракава. Валоданне польскай мовай і выдатныя арганізатарскія здольнасці дапамаглі разведчыку наладзіць узаемадзеянне і сумесныя баявыя аперацыі з часткамі Арміі Краёвай, Арміі Людовай і сялянскімі Батальёнамі Хлопскімі. А. Бацян стаў арганізатарам дзёрзкай аперацыі, у выніку якой падраздзяленнямі Арміі Людовай і байцамі яго групы быў захоплены горад Ілжа, вызвалены з турмы польскія патрыёты, захоплена вялікая колькасць зброі і амуніцыі. У канцы 1944 г. група Бацяна захапіла польскага інжынера-картографа і атрымала каштоўныя звесткі аб планах нямецкага камандавання па знішчэнні гістарычнага цэнтра Кракава, Ражноўскай плаціны і мастоў цераз Дунаец. 18 студзеня 1945 г. склад з узрыўчаткай, размешчаны ў Ягелонскім замку, быў знішчаны. У апошнія месяцы вайны група Бацяна дзейнічала на тэрыторыі Чэхаславакіі.
Пасля заканчэння Влікай Айчыннай вайны А.М. Бацян праходзіў службу ў складзе Упраўленні знешняй разведкі Наркамата дзяржаўнай бяспекі СССР, неаднаразова выязджаў у Чэхаславакію і ФРГ для выканання складаных і адказных заданняў, быў кансультантам групы спецыяльнага прызначэння “Вымпел”. У 1983 г. палкоўнік Бацян выйшаў у адстаўку, аднак да 1989 г. працягваў працаваць у органах КДБ СССР у якасці кансультанта.
У пасляваенны перыяд Аляксей Бацян яшчэ двойчы прадстаўляўся да звання Героя Савецкага Саюза (1965, 1974), аднак узнагароджаны не быў. Разам з Героем Украіны Я.С. Беразняком (1914–2013) і пісьменнікам А.А. Гарчаковым (1924–2000) стаў адным з прататыпаў галоўнага героя рамана Ю. Сямёнава «Маёр Віхар» і аднайменнага мастацкага фільма 1967 г. (рэжысёр Я.І. Ташкоў).
Указам Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі ад 9 мая 2007 г. за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў ходзе аперацыі па вызваленні польскага горада Кракава і прадухіленні знішчэння яго нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гг., палкоўніку ў адстаўцы Аляксею Мікалаевічу Бацяну было прысвоена званне Героя Расійскай Федэрацыі з уручэннем медаля «Залатая Зорка». Палкоўнік Бацян узнагароджаны ордэнам Мужнасці (Расія), ордэнам «За заслугі перад Айчынай» ІV-й ступені (Расія), двума ордэнамі Чырвонага Сцяга (СССР), ордэнам Айчыннай вайны І-й ступені (СССР), ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (СССР), ордэнам «Virtuti Militari» (Польшча), медалямі СССР, Расіі, Польшчы і Чэхаславакіі, з’яўляўся ганаровым грамадзянінам горада Ілжа (Польшча).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. на аснове даведкі, размешчанай на сайце інтэрнэт-праекта “Герои страны”.