Аляксандр Іванавіч Барысевіч нарадзіўся ў Мінску. Скончыў школу, курсы вадзіцеляў аўтамабіля, і стаў працаваць у Гомельскіх аўтарамонтных майстэрнях (з 1939 г. – Гомельскі аўтарамонтны завод). У 1937 г. прызваны ў Чырвоную Армію. У якасці механіка-вадзіцеля танка прымаў удзел у баях каля ракі Халхін-Гол летам 1939 г.
Пасля звальнення ў запас Аляксандр Барысевіч працаваў на Гомельскім аўтарамонтным заводзе. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны трапіў у склад 537-га армейскага гарматнага артылерыйскага палка. 7 лістапада 1941 г. чырвонаармеец Барысевіч стаў удзельнікам парада на Краснай плошчы ў Маскве. Полк, у якім служыў Аляксандр Барысевіч, прымаў удзел у Маскоўскай, Ржэўска-Сычоўскай, Вялікалуцкай, Арлоўскай, Бранскай, Гарадоцкай і Віцебскай наступальных аперацыях. З лета 1944 г. яфрэйтар Барысевіч служыў зараджальшчыкам гарматы ў складзе 149-й гарматнай артылерыйскай брыгады 11-й гвардзейскай арміі, прымаў удзел у Беларускай і Усходне-Прускай наступальных аперацыях, узяцці Кёнігсберга і Пілау. 24 чэрвеня 1945 г. быў у ліку вайскоўцаў – удзельнікаў Парада Перамогі ў Маскве. Узнагароджаны ордэнамі Леніна і Айчыннай вайны ІІ-й ступені, медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі», «За абарону Масквы», «За ўзяцце Кёнігсберга».
Пасля вайны Аляксандр Іванавіч Барысевіч вярнуўся ў Гомель, працаваў на аднаўленні аўтарамонтнага завода. У першыя пасляваенныя гады на прадпрыемстве не хапала камплектуючых і абсталявання, адсутнічалі вытворчыя плошчы. У такіх цяжкіх умовах група энтузіястаў на чале з Аляксандрам Барысевічам стала вырабляць аўтамабільныя прычэпы, выкарыстоўваючы вузлы і агрэгаты трафейных машын, наладзіла рамонт аўтамабіляў ГАЗ-АА, ЗіС-5. У 1953 г. Аляксандр Барысевіч разам з таварышамі датэрмінова наладзіў выпуск аўтафургонаў на базе шасі аўтамабіля ЗіС-150. У красавіку 1954 г. як вопытны рабочы і добры арганізатар А.І. Барысевіч быў прызначаны майстрам цэха па рамонце аўтобусаў. У кароткі тэрмін ён здолеў знайсці падыход да кожнага работніка, умацаваў працоўную дысцыпліну і накіраваў калектыў на дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў. Дзейнасць Аляксандра Барысевіча заўсёды вызначалася любоўю да прафесіі і высокім майстэрствам, творчым падыходам да справы, клопатам пра людзей.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 5 кастрычніка 1966 г. за выдатныя поспехі ў працы Аляксандру Іванавічу Барысевічу было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
З 1976 г. Аляксандр Іванавіч Барысевіч працаваў кантралёрам у аддзеле тэхнічнага кантролю, у 1983 г. выйшаў на заслужаны адпачынак. На Гомельскім аўтарамонтным заводзе доўгія гады працавалі яго жонка, дачка і сын.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. на аснове даведкі, размешчанай на сайце інтэрнэт-праекта “Герои страны”.